50 год ідуць разам па жыцці Мікалай Якаўлевіч і Ганна Лаўрэнцьеўна Варанчукі са Збуража

У адзін з майскіх дзён у хаце Мікалая і Ганны Варанчукоў са Збуража было мнагалюдна і весела. За адным сталом сабраліся родныя і блізкія, каб шчыра павіншаваць Мікалая Якаўлевіча і Ганну Лаўрэнцьеўну з залатым вяселлем.
50 гадоў разам у сямейным жыцці. На сумесным шляху за гэты час многа было ўсяго ў Варанчукоў: і вясёлага, і сумнага, і нават трагічнага. Але, нягледзячы ні на што, у святы і ў будзень, у радасці і ў горы яны надзейна ішлі разам, падтрымліваючы ва ўсім адзін аднаго.
…Мікалай Якаўлевіч і Ганна Лаўрэнцьеўна выраслі ў Збуражы. Вучыліся ў адной школе, але ў розных класах, бо ён быў старэйшы на некалькі гадоў за яе. Бачыліся кожны дзень. Ды і жылі недалёка адзін ад аднаго. Але шляхі-дарогі пакуль ні ў чым не перасякаліся.
Мікалай Варанчук закон­чыў сямігодку. Некаторы час дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Пазней у яго была служба ў марфлоце. Пасля яе заканчэння, юнаку неабходна было вызначыцца з далейшай жыццёвай дарогай. Хацелася як мага хутчэй стаць самастойным і незалежным. На дапамогу бацькоў спадзявацца не даводзілася, бо ў іх яшчэ былі дзеці. Таму прыняў рашэнне застацца на марской службе, каб зарабіць грошы.
— Я яшчэ 2 гады плаваў па марах, па акіянах, — кажа Мікалай Якаўлевіч. – Пабываў у Англіі, Францыі, ЗША… Увесь гэты час лавіў рыбу. А затым вярнуўся ў родную вёску.
Мікалай Варанчук адразу стаў працаваць шафёрам у школе, а затым — выкладаць аўтасправу. Вечарамі наведваўся ў вясковы клуб. Вось тут юнак і прыкмеціў Ганну.
Дзяўчына пасля заканчэння школы пайшла працаваць на мясцовы цагельны завод, а калі споўнілася 18 гадоў, – на гароднінасушыльны завод у Маларыту. Па выхадных таксама прыходзіла на танцы ў клуб.
Ганна Лаўрэнцьеўна памятае Новы 1964 год. Яна тады з сяброўкаю пайшла на вячоркі ў клуб. Моладзі сабралася многа. Дзяўчына не здзівілася, калі яе на танец запрасіў Мікалай…
— Мне тады ўжо быў 21 год, — успамінае Ганна Лаўрэнцьеўна. –Замуж не спяшалася. Напэўна, чакала свайго прынца на белым кані (смяецца). Многія хлопцы-аднавяскоўцы ў час размовы са мною часта закідвалі вудачкі пра замужжа. Але я, жартуючы, заўсёды адмаўляла ім. А вось перад прапановай Мікалая не змагла ўстаяць. Магчыма, тут галоўную ролю адыгралі словы маёй мамы, якая не раз казала аб тым, што мужа выбіраеш раз і назаўжды. Таму спяшацца не варта. З мамаю я дзялілася ўсімі сваімі думкамі і планамі. У тым ліку – і наконт замужжа. Памятаю, як яна неяк шчыра сказала: “Ты, дачушка, за Мікалая выходзь замуж, калі ён табе зробіць прапанову. Шчаслівая будзеш з ім, а з іншымі – не”. Пазней ужо мама патлумачыла, што калі ў хлопца працавітыя бацькі, лад у сям’і, добрая гаспадарка, павага ва ўзаема адносінах, шчырасць, давер паміж мужам і жонкаю, то такім самым будзе і ён. І не памылілася. Прарочымі сталі матуліны словы.
Маладыя ўзаконілі свае адносіны ў лютым, а вяселле згулялі толькі 17 мая. Увесь гэты час Ганна жыла са сваімі бацькамі, а з мужам бачылася толькі па вечарах.
— Таго патрабаваў народны звычай: да вяселля нявеста павінна быць у доме сваіх бацькоў, — гаворыць Ганна Лаўрэнцьеўна. – Гэтага мы строга і прытрымліваліся. Як згулялі вяселле, то адразу пераехала да Мікалая. Яго бацькі мяне сустрэлі ветліва. Ды і жылося з імі добра. Яны ва ўсім імкнуліся дагадзіць мне, а я – ім. Ніколі не было дзяльбы: гэта – наша, а гэта – ваша. Усё было агульным.
Праз тры гады маладая сям’я Ганны і Мікалая перабралася ў дом, пабудаваны сваімі сіламі.
З першага дня сумеснага жыцця Варанчукі імкнуліся слухаць адзін аднаго і чуць, уступаць, падтрымліваць словам і справаю.
— Быць разам з дарагім чалавекам — шчасце, — упэўнены Мікалай Якаўлевіч. — А ўмець шчыра, па-сапраўднаму, самаахвярна кахаць — вялікі дар. Сапраўдае разуменне гэтага прыходзіць з гадамі. У сямейным жыцці неабходна стрымліваць сябе ва ўсім, не трымаць у сэрцы крыўды. Ні ў якім выпадку нельга гаварыць крыўдных, абразлівых слоў.
— Часамі і мы з мужам “кусаліся”, — прызнаецца Ганна Лаўрэнцьеўна. – У такія хвіліны мне хацелася бегчы да сваіх бацькоў, расказаць усё, выплакацца і застацца ў іх. Але сардэчная роспач працягвалася нядоўга. Мікалай заўсёды першым прыходзіў заключыць “міравую” да мяне, такой ганарліўкі. Умеў жа гаварыць! Яго шчырыя словы краналі да глыбіні душы. У момант усё забывалася.Пасля гэтага мне ўжо і бегчы нікуды не хацелася. Прытулімся адзін да аднаго, усміхнемся, пацалуемся… У нас стала нормай: мірыцца да таго часу, пакуль не зой­дзе сонца.
— У кожнага чалавека, у тым ліку і сямейнага, ёсць свае памылкі, — кажа Мікалай Якаўлевіч. — Але адна справа, калі чалавек разумее свае памылкі і ў далейшым не робіць іх, і другая — калі робіць памылкі і іх не выпраўляе. У шлюбе неабходна змяніць свой характар, падстроіць да мужа ці жонкі.
* * *
Сям’ю Мікалая і Ганны Варанчукоў ўмацоўвала і тое, што яны разам 21 год добрасумленна працавалі ў калгасе “40 гадоў БССР” і атрымалі за гэта званні ветэранаў працы. А яшчэ – дачка Тамара з зяцем і трое ўнукаў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ганна Лаўрэнцьеўна і Мікалай Якаўлевіч Варанчукі са Збуража нядаўна адзначылі залаты юбілей сумеснага жыцця.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 11.06.2014 г.

Добавить комментарий


www.topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!