Быць дружнай камандай

Мнагадзетная сям’я… Яна адметная, са сваімі ўлас­цівымі толькі ёй асаб­лівасцямі. Чым яна асаб­лівая? Найперш тым, што кожны ў ёй адчувае падтрымку адразу не менш чым чатырох самых блізкіх, самых родных людзей. І менавіта гэтая падтрымка дапамагала трымацца на сцэне адной вялікай камандай сем’ям, якія прынялі ўдзел у раённым конкурсе мнага­дзетных сем’яў “Мы разам – мы сям’я”, што арганізаваў тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Кожная конкурсная праграма пачынаецца са знаёмства. А таму сем’ям Грабар з вёскі Макраны, Люльковічаў з вёскі Хаціслаў і Андарак з Маларыты давялося нямала папрацаваць дома, рыхтуючыся да намінацыі “Радавод”. У выніку гледачоў чакала імправізаваная канцэртная праграма. Пра сваю сям’ю, якая складаецца з таты Валерыя, мамы Ірыны і чатырох дзетак – Дзмітрыя, Аляксандра, Вольгі і маленькага Сяргея, сям’я Грабар расказвала ў вершах. А пацвярджэннем сямейнай біяграфіі стала прэзентацыя фотаздымкаў. Старонкі свайго сямейнага фотаальбома прагарталі і Віктар і Анжаліка Андарак. Яны з любоўю расказвалі пра сыноў Арцёма і Кірыла і дачушку Аляксандру. А вось Алена і Сяргей Люльковічы, у якіх шасцёра дзяцей – Ілья, Сямён, Руфіна, Арына, Кіра і Максім, паказалі на сцэне сваю гісторыю кахання – ад першага погляду, першай ружы, да запаленага сямейнага ачага, які цяпер аб’ядноўвае восем сэрцаў.
Сем’і-канкурсанты ва ўсіх фарбах стараліся расказаць пра адзін з самых запамінальных дзён з сямейнага жыцця, з дапамогай фатаграфій і канцэртных нумароў знаёмілі са сваімі захапленнямі. А яны ў кожнай сям’і свае, адметныя. Так, любімы занятак сям’і Грабар, аб чым яскрава сведчылі фотаздымкі, — бісерапляценне і вышыўка. А вось сям’я Люльковіч выдатна адчувае сябе на сцэне. Сямейны ансамбль зачараваў усіх віртуознай ігрой лыжачнікаў, а творчая мама Алена здзівіла сольным выкананнем песні пад гітару. Фотаролік сям’і Андарак сведчыў, што ўсе ў сям’і любяць спорт, але не адмаўляюцца і ад мастацтва, бо сын Кірыл – аматар дзіцячага тэатра.
Каб вызначыць лепшую сям’ю, арганізатары конкурсу падрыхтавалі яшчэ нямала выпрабаванняў, якія праверылі эрудыцыю і здольнасці кожнай сям’і. І падводзячы фінальную рысу, журы не магло не адзначыць: самае галоўнае, што дапамагала сем’ям спраўляцца з заданнямі, – гэта ўменне быць адным цэлым, дружнай сямейнай камандай. Бясспрэчным пераможцам конкурсу была прызнана каманда Алены і Сяргея Люльковічаў. Не толькі пераможцы, але і прызёры конкурсу — сем’і Грабар і Андарак — атрымалі пачастункі ад Маларыцкага кансервавагародніна­сушыльнага камбіната і падарункі, набыць якія дапа­маглі прыватныя прадпрыемствы “Талаш” і “Тэхнапарк”, райкам прафсаюза работнікаў АПК, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і раённы камітэт ГА “БРСМ”.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: сям’я Люльковіч з Хаціслава.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 14.06.2014 г. 

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!