“Залаты ключык” школы мастацтваў

Аматарскі дзіцячы тэатральны калектыў “Вясёлка” Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў прыняў удзел у міжнародным art-форуме аматарскага і прафесійнага тэатральнага мастацтва “Прызнанне”. У мерапрыемстве, якое на працягу трох дзён праходзіла ў Гомелі на сцэне Палаца культуры “Віпра”, прынялі ўдзел творчыя калектывы са Жлобіна, Веткі, Гомеля, а таксама — з Арла (Расія) і Кіева (Украіна). Па выніках міжнароднага art-форуму кампетэнтнае журы, якое ўзначальвала Алена Сілуціна, сцэнарыст, мастак, рэжысёр і прадзюсер з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, выступленне юных артыстаў з Маларытчыны адзначыла дыпломам лаўрэата ІІІ ступені і кубкам у намінацыі “Драматычны тэатр”.
— “Вясёлка” створана 3 гады таму, — кажа Вольга Краско, кіраўнік калектыву, якая адначасова з’яўляецца і рэжысёрам, і пастаноўшчыкам усіх выступленняў. – За гэты час на суд гледачоў мы прадставілі 5 спектакляў. Заняткі ў “Вясёлцы” цяпер наведваюць 26 дзяцей горада ва ўзросце ад 9 да 13 гадоў. Аднак у выступленні на гомельскай сцэне, згодна з умовамі art-форуму, было задзейнічана толькі 9 чалавек. Чарговы спектакль стаў нашым першым выступленнем на конкурсе міжнароднага ўзроўню. Мы доўга думалі, ці варта прымаць удзел, але ўсё ж такі рызыкнулі. Выступленне атрымалася ўдалым.
Юныя маларыцкія тэат­ралы на art-форум “Прызнанне” ездзілі са спектаклем у вершах “Залаты ключык”, які створаны па матывах аднайменнай казкі Аляксея Талстога. Задумку ад рэалізацыі своеасаблівага творчага праекта аддзяляе прамежак часу ў 6 месяцаў. Гэты перыяд — пастаянныя рэпетыцыі, пастаноўка голасу, адпрацоўка мімікі, жэстаў, рухаў на сцэне…
— Аднак асноўная работа над спектаклем у нас праходзіла ў 2 апошнія месяцы, — гаворыць Вольга Васільеўна. – Мы добра разумелі, што на конкурс будуць прадстаўлены лепшыя работы тэатральных калектываў з трох краін. Таму сур’ёзна і адказна ўзяліся за справу. Такога выніку, безумоўна, мы не дасягнулі б, каб не дапамога Ірыны Пятрухінай, дырэктара школы мастацтваў, і ўсяго калектыву, асабліва – Ліліі Русавук, Інэсы Гаўрылюк, Святланы Пятручык, Уладзіслава Палянскага, а таксама Маларыцкага райвыканкама, бацькоў, чые дзеці займаюцца ў тэатральным калектыве. Напрыклад, Міраслава Хатынюк пашыла для ўсіх артыстаў сцэнічныя касцюмы, а Анжаліка і Віктар Андаракі згадзіліся даставіць на конкурс дэкарацыі і ўвесь неабходны для пастаноўкі рэквізіт. Вялікі дзякуй усім за дапамогу!
Першымі на суд журы і гледачоў свой конкурсны спектакль прадставілі маларытчане. Больш за гадзіну яны дэманстравалі сваё акцёрскае майстэрства, уменне іграць на прафесійнай сцэне і трымаць у напружанні залу. За прыгожую гульню юныя маларыцкія артысты былі ўзнагароджаны працяглымі апладысмен­тамі гледачоў.
— Праграма мерапрыемства не абмяжоўвала­ся толькі праглядам спек­такляў, — кажа Вольга Краско. – Яна ўключала правядзенне розных майстар-класаў, флешмобаў, творчых сустрэч. Таксама быў прадугледжаны арганізатарамі і абмен вопытам. Акрамя таго, для гасцей міжнароднага art-форуму былі арганізаваны экскурсіі па Гомелю.
Яшчэ адзін вынік удзелу маларытчан у міжна­родным конкурсе – запрашэнне выступіць на сцэне вучэбнага тэатра “Дыяганаль” Арлоўскага дзяржаўнага інстытута мастацтва і культуры.
— Вольга Васільеўна, ці паедзеце на першыя гастролі ажно ў Арол?
— Пры наяўнасці фінан­савай спонсарскай дапа­могі паехалі б з вялікім задавальненнем.
— А якія вашы планы на будучае?
— Годна прадстаўляць Маларытчыну на тых тэатральных пляцоўках, дзе будзем выступаць. Узнагарода “Прызнання” дзяцей акрыліла, натхніла на новыя пастаноўкі, дала надзею, што “Вясёлка” зможа пазмагацца за другое і першае месцы ў творчых конкурсах.
***
Неабходна дадаць, штоакцёрская ігра на гомельскай сцэне прынесла персанальныя ўзнагароды Маі Атаханавай і Кірылу Андараку (закончылі 5 “Б” клас раённай гімназіі). Юныя артысты адзначаны дыпломамі і кубкамі за стварэнне яркіх акцёрскіх вобразаў у дуэце. Кірыл запамінальна сыграў ролю Ката Базіліа, а Мая – Лісы Алісы.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: ама­тарскі дзіцячы тэатральны калектыў “Вясёлка” Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў у час пастаноўкі спектакля “Залаты ключык” разам з Вольгай Краско, кіраў­ніком.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 18.06.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


monaliza.kiev.ua

аккумуляторы святошино

そこ