Як дзіця назавеш…

Прозвішча дзіцяці вызначаецца прозвішчам бацькоў. Імя па бацьку прысвойваецца па ўласнаму імені бацькі, а ў выпадках, прадугледжаных артыкулам 55 Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь, — па ўласнаму імені асобы, запісанай у якасці бацькі. А ўласнае імя дзіцяці даецца са згоды бацькоў і залежыць ад іх густу і выбару. Звычайна бацькі пачынаюць выбіраць імя свайму дзіцяці яшчэ да таго, як яно народзіцца. Аднак здараецца і так, што імя не выбрана нават тады, калі дзіця нарадзілася ўжо. І гэта з’яўляецца тэмай нумар адзін для сямейных дэбатаў, у якіх часта ўдзельнічаюць нават родныя і сябры.
Прозвішча і імя будуць звязаны паміж сабой непарыўна ўсё жыццё і змяняцца толькі ў асобных, выключных выпадках.
Выбар імя – справа адказная. З мноства імён выбраць адно, якое найбольш падыходзіць вашаму дзіцяці, — займальны і адначасова вельмі нялёгкі занятак. Адны імёны могуць быць звязаны з рознымі ўспамінамі, іншыя ж выказваюць надзею і чаканне. У большасці выпадкаў імя выбіраюць па прычыне яго прыгожага гучання.
Бацькі нованароджанага нясуць вялікую адказнасць, атрымліваючы права свабоднага выбару імя для свайго дзіцяці. Таму трэба заўжды думаць і ўлічваць, што ваша дзіця з дадзеным яму імем будзе жыць усё жыццё, вучыцца і працаваць у калектыве, прадстаўляцца іншым людзям. Яно павінна падабацца дзіцяці, а не быць для яго цяжарам.
Некаторыя мамы і таты, калі выбіраюць імя свайму дзіцяці, кіруюцца рэлігійнымі традыцыямі, якія аблягчаюць і спрашчаюць выбар імя нованароджанага.
Хацелася б напомніць бацькам, што ў першую чаргу імя павінна ўва­собіць у сабе магчымыя інтарэсы дзіцяці ў будучым, а не няздзейсныя мары і жаданні бацькоў. Дзіцяці можа быць да­дзена не больш двух улас­ных імён. Уласнае імя, адзначанае ў запісе акта аб нараджэнні першым, лічыцца асноўным. Дайце свайму дзіцяці такое імя, якое яно магло б, не саромеючыся, насіць, калі будзе дарослым. Уявіце пры гэтым, што ваш сын ці дачка будуць займаць якую-небудзь высокую пасаду, — яго імя і імя па бацьку павінны быць сугучнымі. Не выбірайце доўгія імёны пры доўгіх прозвішчах, таксама, як і кароткія імёны пры надта кароткіх прозвішчах. Прозвішча, імя і імя па бацьку павінны адпавядаць адно другому і мець гарманічнае спалучэнне націскных і ненаціскных складоў, ствараючы мілагучнасць. Імёны і прозвішчы не павінны рыфмавацца (напрыклад, Света Бета, Іван Жукан), імя не павінна заканчвацца на тую ж літару, на якую пачынаецца прозвішча (напрыклад, Навум Міртаў). Будзьце асцярожныя пры выбары замежных і састарэлых імён. Бацькі, мабыць, і ганарацца асаблівым імем свайго дзіцяці, але для апошняга яно можа стаць пажыццёвым цяжарам. Замежныя імёны лепш будуць спалучацца з такімі ж незвычайнымі прозвішчамі і імёнамі па бацьку. Наўрад ці Фердынанд Іванавіч Пятроў ці Ізабэла Сцяпанаўна Іванова будуць вам удзячныя за ваш выбар.
Параўноўваючы статыстыку папулярнасці імён на працягу многіх дзесяцігоддзяў у нашым раёне, можна сказаць, што найбольш папулярныя, з аднаго боку, гэта імёны, якія адлюстроўваюць характар, норавы часу, а з другога – гэта “пастаянныя” імёны, якія не выхо­дзяць з моды і стабільна захоўваюць свой прыярытэт доўгія гады. Такія, напрыклад, як Ганна, Марыя, Андрэй, Дзмітрый.
Сустракаюцца і вельмі рэдкія імёны. У 2013 годзе на Маларытчыне з’явіліся Апалінарыя, Ясенія, Іларыя, Марта, Эла, Гардзей, Елісей, Савелій. Цікава, што часцей за ўсё менавіта дзяўчынцы бацькі стараюцца даць вытанчанае, экстравагантнае імя.
Самымі папулярнымі імёнамі, якімі бацькі назвалі сваіх дачок у 2013 годзе, сталі Ганна (14), Марыя (12), Сафія (11), Паліна (9), Дар’я (7). А вось хлопчыкаў найбольш называлі Максімамі (11), Мікітамі (10), Андрэямі (9), Арцёмамі (9), Дзмітрыямі (9), Ягорамі (9), Кірыламі (9), Мацвеямі (9). У 2013 годзе з усяго мноства імён бацькі скарысталіся 55 імёнамі дзяўчынак і 53 імёнамі хлопчыкаў для 324 дзяцей.
Орган, які рэгіструе акты грамадзянскага стану, не мае права адмовіць у прысваенні дзіцяці выбранага бацькамі ўласнага імя, калі толькі яно не супярэчыць нормам грамадскай маралі, нацыянальным традыцыям.
Людміла ГАРБАЦЭВІЧ, начальнік аддзела ЗАГС.
НА ЗДЫМКУ: Людміла ГАРБАЦЭВІЧ.

Опубликовано в «ГЧ» 18.06.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://pharmacy24.com.ua

свадебные салоны киева

www.pofar.com.ua