Гiтары звон i дым кастра

Паласа перашкод, касцёр уначы, песні пад гітару… Усё гэта толькі асобныя моманты традыцыйнага турыстычнага злёту, які штогод праводзіцца ў раёне.
На гэты раз удзел у ім прынялі 11 каманд з розных школ раёна. Юныя турысты з’ехаліся на турыстычную базу ў Олтуш, каб адпачыць, паспаборнічаць, зведаць усе плюсы і мінусы турыстычнага жыцця.
Пачаўся злёт з урачыстага адкрыцця. А затым турыстаў чакала нямала выпрабаванняў. Трэба было прайсці паласу перашкод, паспаборнічаць на байдарках. Аддаўшы нямала сіл на тое, каб справіцца з перашкодамі з найменшай колькасцю штрафных балаў, каманды стаміліся і ўжо марылі аб адпачынку. Але адпачынак іх чакаў з паходнай песняй і конкурсам касцюмаў з падручных матэрыялаў. Жартоўныя радкі песень, крэатыўныя касцюмы выклікалі ўсмешкі. У выніку добры настрой проста зашкальваў.
Атрымаўшы зарад пазітыву, усе адправіліся да сваіх бівакоў. Камандам трэба было згатаваць смачную турысцкую страву. З гэтым заданнем усе справіліся выдатна. А потым у школьнікаў быў вечар ля кастра з песнямі, размовамі, гульнямі, жартамі і ўспамінамі.
Ноч прайшла хутка. А ранкам турыстаў чакаў новы этап конкурсу – арыентаванне. І зноў пачалася ўпартая барацьба за перамогу. Олтушская каманда, якая была пераможцай мінулагодняга раённага турыстычнага злёту, на гэты раз не змагла абараніць тытул чэмпіёна і заняла 10 месца. А вось пераможцай стала каманда з Гвозніцы, другое і трэцяе месцы занялі каманды з Хаціслаўскай і Мельніцкай школ.
Олтуш развітваўся з удзельнікамі турыстычнага злёту шчодрым дажджом. Але апошні не мог сапсаваць настрой, і юныя турысты выказвалі пажаданне сустрэцца роўна праз год на тым жа месцы. Паспрабуйце і вы аднойчы ў летні дзень адправіцца ў кампаніі сяброў у паход. Вам абавязкова спадабаецца!..
Аляксандр ГАЛЯНЧУК.
НА ЗДЫМКУ: у час турыстычнага злёту.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 18.06.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


блоки бетонные

http://220km.com

代孕孩子