Свінарка і пастух

Так жартам гаворыць пра сябе і мужа ў маладосці пенсіянерка з вёскі Масевічы Марыя Нікіфараўна Гандзюк.
Праўда, у адрозненне ад знакамітага фільма з такой назвай, іх зрабіла сябрамі не Масква, а вёска Масевічы, дзе нарадзіліся і выраслі. І пажаніліся тут. Але гэта было крыху пазней. А да стварэння сям’і Марыя 6 гадоў працавала ў Брэсце: спачатку ў дзіцячым прыёмніку, пасля – на хлебазаводзе. Магчыма, там з мужам Дзмітрыем Гандзюком і засталіся б. Ды толькі пасля нараджэння ў сям’і першынца – дачкі Валі, давялося вярнуцца ў вёску. Жылля свайго ў горадзе ў іх не было, а “мыкацца” па чужых кватэрах з малым дзіцём не надта зайздросная перспектыва. Таму на сямейным савеце вырашылі ехаць дамоў.
Жыць сталі з бацькамі мужа, а на работу ўладкаваліся ў мясцовы калгас “Шлях да камунізму”. Марыя пэўны час падмяняла даярак і птушніц. Дзмітрый – летам пасвіў калгасны статак, а зімой працаваў качагарам.
Калі ў жанчыны з’явілася магчымасць пайсці на свінаферму, яна адразу ж згадзілася. Нават, калі колішні старшыня гаспадаркі (на жаль, сёння Марыя Нікіфараўна не можа ўспомніць яго прозвішча) адкрыта сказаў ёй, што яна не зможа працаваць свінаркай. Маўляў, я ніколі не памыляюся.
А яна змагла. Хоць і было вельмі цяжка, бо першыя 5 гадоў свінаматак поўнасцю кармілі ўручную. Пасля, калі ферма была механізавана, ўручную раздавалі толькі муку. Акрамя гэтага, да двухмесячнага ўзросту гадавалі парасят, а гэта пагалоўе не ў адзін і нават не ў два дзясяткі, а значна большае. Але яна спраўлялася. Прычым працавала вынікова. Больш таго, Марыя Гандзюк стала прызнаным лідарам у свінаводчай галіне. І ўжо ў 1973 годзе яна была названа лепшай свінаркай у вобласці. Аб поспехах і прафесіяналізме жанчыны сведчаць і іншыя шматлікія ўзнагароды. Сярэбраны і залаты медалі ВДНГ СССР за дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР, медалі “Ветэран працы” і “За працоўную доблесць”, а таксама знакі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, ударнік камуністычнай працы розных пяцігодак знайшлі сваё ганаровае месца на пінжаку жанчыны, які яна апранае падчас урачыстых мерапрыемстваў з нагоды свят. А яшчэ сярод узнагарод — Ганаровы дыплом мінсельгасхарчу, атрыманы ў 1981 годзе, за высокае майстэрства і якасць працы, Ганаровыя граматы абкама і райкама КПБ. Іх разам з пасведчаннямі да медалёў і знакаў жанчына беражліва захоўвае з іншымі дакументамі ў хусцінцы ў шафе. Ды і колішні старшыня гаспадаркі, які не верыў у тое, што яна зможа працаваць на свінаферме, пазней ужо, калі сустрэў яе ў райвыканкаме, прызнаўся, што ў выпадку з ёй ён упершыню ў сваім жыцці памыліўся.
Успамінаючы той час, Марыя Нікіфараўна не ўтойвае, што поспехі, якіх яна дасягнула на працоўнай ніве, былі б немагчымы без дапамогі свекрыві. Жанчына і зараз з цеплынёй расказвае пра яе:
— Матрона Мікалаеўна была цудоўная жанчына. Яна практычна выгадавала нашых дзяцей — пасля Валянціны ў нас нарадзіліся яшчэ 2 сыны, Васіль і Валерый. Ды і хатнюю гаспадарку ў асноўным вяла свякроў. Я вельмі ўдзячна ёй за гэта.
А яшчэ былая свінарка расказала пра тое, што і дом ў калгасе сям’і Гандзюкоў прапанавалі новы, ды толькі жанчына адмовілася ад яго, бо вырашыла абавязкова пабудаваць свой уласны. І пабудавалі разам з мужам. І свякроў да сябе забралі. У гэтым доме Марыя Нікіфараўна жыве і зараз. Сама, праўда. Дзеці выраслі і разляцеліся з бацькоўскай хаты. Валянціна жыве ў Салігорску, Васіль з сям’ёй – у Брэсце, а малодшы, Валерый – у Масевічах. Яны не забываюць пра маці. Дачка абавязкова раз у год, а калі атрымліваецца, то і часцей прыязджае праведаць яе. Сын з Брэста таксама пры любой магчымасці наведваецца да маці. Дзеці нават да сябе жыць клічуць. Вось толькі не можа яна ўявіць сабе жыццё без свайго дома.
— Ну, як ён тут будзе без мяне? – гаворыць жанчына. – У яго ж столькі сіл укладзена. Не магу пакуль пакінуць яго.
І я разумею яе. Цяжка, вельмі цяжка пакінуць тое месца, дзе прайшло тваё жыццё, дзе на сценах у рамах пажаўцелыя ад часу чорна-белыя фотаздымкі маладых яшчэ бацькоў і каляровыя ўжо — дзяцей і ўнукаў. Магчыма, і таму яшчэ не пакідае сваю хату, што непадалёку сын жыве з нявесткай. Валера, нібы палачка-выручалачка для маці. Ён і вады прынясе, калі яна раптам занядужае, і дроў дахаты наносіць. Ды і так не-не дый забяжыць, каб пацікавіцца, ці не трэба чаго.
А яна і зараз, у свае 88 – столькі гадоў споўнілася нядаўна Марыі Гандзюк, не можа без работы, трымае некалькі курэй. Дзеці ўзаралі каля хаты агарод і пасадзілі крыху бульбы, нешта з гародніны, каб ёй было чым заняцца. А ў нядзелю і на святы жанчына наведвае храм, які, дарэчы, пабудаваны ў вёсцы пры яе актыўным ўдзеле і дзейнічае ўжо 20 гадоў. Яна дзеля ажыццяўлення гэтай добрай справы і да старшыні колішняй тады яшчэ гаспадаркі (зараз калгас “Шлях да камунізму” уваходзіць у склад СВК “Рыта”) хадзіла, а пасля разам з іншымі жанчынамі па вёсках збіралі ахвяраванні на ўзвядзенне храма. І за год царква была пабудавана. Ёй, праўда, цяжка хадзіць пешшу на службу, ды, дзякуй богу, гаворыць Марыя Нікіфараўна, сусед на машыне падвозіць. І жыццё працягваецца…
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: вось такая яна – аптымістка Марыя Гандзюк.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 18.06.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий