Абагрэтыя сонейкам і клопатам

З першых дзён чэрвеня наваколле вёскі Старое Забалацце ажыло дзіцячымі галасамі. Тут, у лагеры адпачынку “Равеснік”, право­дзяць свае канікулы хлопчыкі і дзяўчынкі з усяго раёна. “Равеснік” сустрэў дзетвару адноўленым інтэр’ерам. Перш чым на адпачынак у лагер прыехалі школьнікі, тут быў праведзены рамонт, у памяшканні абуладкаваны два санвузлы, закуплены пасудамыечная машына, шафы, новая бялізна. А таму хлопчыкі і дзяўчынкі проста не маглі не адчуць, што іх чакалі, да іх прыезду рыхтаваліся.
Для дзяцей, якія адпачываюць у лагеры, а ў першую з чатырох змен сюды пры­ехала больш за 40 хлопчыкаў і дзяўчынак, распрацаваны праект “Мы за здаровы лад жыцця”. У рамках яго былі арганізаваны экалагічная віктарына “Пажадай дабра прыродзе”, турыстычнае спаборніцтва “З купіны на купіну”, гульня “Чалавек і яго здароўе”, пазнавальная гадзіна “Ядавітыя расліны”, а яшчэ шмат спартыўных спаборніцтваў, бо галоўнае для дзяцей – набрацца сіл, умацаваць сваё здароўе.
— У “Равесніку” вельмі цудоўна, тут з намі гуляюць, мы знайшлі новых сяброў, нас смачна кормяць, а яшчэ кожны дзень праводзіцца нешта цікавае, — наперабой расказваюць дзеці з малодшага атрада.
І сапраўды, усіх мера­прыемстваў, якія запланавалі для хлопчыкаў і дзяўчынак іх важатыя, не пералічыць. Ад традыцыйных “Містэр і Міс лагера”, конкурснай праграмы “Супер Баба Яга”, да паходаў у лес і краязнаўчай экспедыцыі па вёсцы.
— Калі збіралася ехаць у лагер, спрабавала ўявіць сабе, які ён, “Равеснік”? Мае ўражанні пераўзышлі чаканні. Тут вельмі ўтульна, чыста, прыгожа і весела, — распавядала Каця Бітуліна.
А вось для Алены Чопка лагер у вёсцы Старое Забалацце, які раней называўся “Лукаўскі”, – месца знаёмае. Сюды прыехала яна ўжо другі раз, бо адпачываць тут спадабалася. У “Равесніку”, як заўважае Алена, многае змянілася. Вось толькі пазітыўны настрой тут ствараюць па-ранейшаму.
…У лагер мы наведаліся зранку. Кожны атрад быў заняты сваімі справамі. З розных куточкаў даносіліся дзіцячыя галасы. Абагрэтыя летнім сонейкам, хлопчыкі і дзяўчынкі бесклапотна весяліліся пад наглядам дарослых. Звычайны дзень адпачынку. Але для кожнага з дзяцей ён будзе адметны і памятны.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: адпачынак у лагеры “Равеснік”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 18.06.2014 г.

Добавить комментарий


заказ воды на дом

http://best-cooler.reviews
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!