Калі заўтра жніво

Здаецца, усяго некалькі тыдняў таму механізатары сельгаспрадпрыемстваў распачыналі нарыхтоўку кармоў з траў першага ўкосу, а на парадку дня ўжо — уборка свірэпіцы. Праз тыдзень -другі, глядзіш, і рапс падыдзе, а там і масавае жніво збожжавых пачнецца. Як падрыхтаваліся гаспадаркі раёна да гэтай важнай і адказнай сельскагаспадарчай кампаніі? Што ўжо зроблена для таго, каб вырашчаны ўраджай убраць у тэрмін і без страт, і што яшчэ неабходна падцягнуць? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнту газеты ахвотна згадзіўся адказаць галоўны інжынер райсельгасхарчу Сяргей Хатынюк.
— Сяргей Вячаслававіч, падчас сёлетняга жніва, якое зусім хутка стартуе, хлебаробам раёна неабходна ўбраць зерневыя на плошчы 11 908 гектараў. Ці гатовы гаспадаркі да гэтай адказнай кампаніі?
— У гаспадарках раёна ёсць у наяўнасці 61 збожжаўборачны камбайн. Большасць з іх беларускай вытворчасці – КЗС-1218 і КЗС-10К. Будуць задзейнічаны на жніве і збожжаўборачныя агрэгаты замежнай вытворчасці: у “Савушкіна” — амерыканскі “ДжонДзір”, нямецкія “Тукана” і “Мега”. Пры зладжанай рабоце і добрым надвор’і іх цалкам будзе дастаткова, каб правесці жніво за 10 дзён, пры сярэдняй нагрузцы на камбайн 195 гектараў.
— Гэта ў сярэднім па раёне, а як у разрэзе гаспадарак?
— “Дарапеевічы” і “Савуш­кіна” ў стане правесці жніво за тыдзень, а вось у сельгас­кааператывах “Макраны”, “Гвозніца” і “Рыта”, дзе нагрузка на камбайн складае адпаведна 348, 237 і 214 гектараў, змогуць управіцца за два тыдні і болей. Гэта пры добрым надвор’і і без паломак. Што тычыцца га­тоўнасці збожжаўборач­най тэхнікі, то выйсці ў поле хоць заўтра могуць больш за 40 камбайнаў.
— А астатнія?
— Астатнія павінны быць пастаўлены на лінейку гатоўнасці не пазней чым 25 чэрвеня.
— Ці ёсць упэўненасць, што да гэтага тэрміну тэхніка будзе гатова?
— Спадзяюся. У цяпераш­ні час праводзіцца тэх­абслугоў­ванне камбайнаў, што стаяць на гарантыі, спецыялізава­ным прадпрыемствам ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”, астатніх – сіламі гаспадарак, калі ёсць незанятыя механі­затары, ці Маларыцкай рай­аграпрамтэхнікай.
— Такая сітуацыя ў цэлым па раёне, а калі браць кожную з гаспадарак?
— Калі гаварыць канкрэтна пра гаспадаркі, то няпростая сітуацыя ў СВК “Ляхаўцы”, дзе дагэтуль не зняты з захоўвання тры з пяці збожжаўборачных камбайнаў, у дзяржаўным прадпрыемстве “Радзежскае” — ні адзін з чатырох. А тэхніку, між іншым, перад выхадам у поле неабходна змазаць, пракруціць, праверыць, ці ўсе дэталі і вузлы на месцы. Дадам, што ў “Радзежскім” з 4 камбайнаў спраўныя толькі 2. Прычына такога становішча ў тым, што тут не хапае лю­дзей, якія маглі б заняцца іх рамонтам. Механізатары, якія будуць працаваць на жніве, зараз заняты на нарыхтоўцы кармоў і ім пакуль не да збожжаўборачных камбайнаў. Хоць пры зла­джанай арганізацыі працы, у дажджлівае надвор’е, напрыклад, каб не прастойваць, яны маглі б за дзень цалкам зняць з захоўвання адзін, а то і два агрэгаты. Ды толькі пра якую арганізацыю працы можна гаварыць, калі ў “Радзежскім” няма галоўнага інжынера.
— Сяргей Вячаслававіч, своечасова і без страт убраць ураджай важна, але не менш важна – захаваць яго. У якім стане на сённяшні дзень знаходзіцца зернесушыльная гаспадарка раёна?
— Па стану на 10 чэрвеня з наяўных дзевятнаццаці зернесушыльных комплексаў гатовых прыняць збожжа было трынаццаць. Дадам, што тры “Брэстмашаўскія” ЗСК-30 новыя. Яны зманціраваны ў СВК “Чырвоны партызан”, “Макраны” і “Рыта”. Яшчэ адзін ЗСК-30, які працуе на газе, згодна з вызначаным тэрмінам неабходна зманціраваць у СВК “Арэхава” да 15 ліпеня. Фундамент пад яго ўстаноўку, праўда, закладзены яшчэ не поўнасцю, але спецыялісты райаграпрамтэхнікі пры­ступілі ўжо да мантажу абсталявання. Спадзяюся, што зернесушыльны комплекс у “Арэхаве” ўсё ж будзе ўведзены ў эксплуатацыю і запрацуе.
— А як з тэхнікай для адвозкі зерня, падбору саломы, з якой зараз у многіх гаспадарках праблемы?
— З аўтамабілямі для адвозкі зерня праблем няма. У дастатковай колькасці ў гаспадарках ёсць і трактароў, якія можна задзейнічаць на адвозцы саломы. Што тычыцца прэс-падборшчыкаў, то на сёлетнім жніве іх будзе задзейнічана 49 адзінак. Гэтага дастаткова, каб за два-тры тыдні ўбраць з палеткаў усю салому. Менавіта такая задача пастаўлена перад сельгаспрадпрыемствамі. Галоўнае цяпер — правільна арганізаваць работу ўсіх падраздзяленняў.
— І яшчэ. Жніво – гарачая пара як ў прамым, так і ў пераносным сэнсе, асабліва, калі стаіць гарачае надвор’е…
— Так. Для таго, каб не здарылася бяды, важна ўсе камбайны і зернесушыльныя комплексы ўкамплектаваць пярвічнымі сродкамі пажаратушэння. Акрамя гэтага, на ўчастках, дзе будзе весціся ўборка, будуць дзяжурыць пажарныя машыны — яны ёсць у Гвозніцы, Лукаве, Ляхаўцах і ў Хаціславе. У астатніх гаспадарках замест пажарных будуць выкарыстоўвацца трактары ў счэпе з бочкай з вадой, абсталяваныя помпай.
— Дзякуй Вам за інтэрв’ю.
Надзея ЯЦУРА.
НА ЗДЫМКУ: галоўны інжынер райсельгасхарчу Сяргей ХАТЫНЮК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 21.06.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.