Вясковая дыпламатыя

Наўрад ці каго здзіўляе, што жыхары гарадскіх шматпавярховак цяпер часцей за ўсё не ведаюць не толькі суседзяў з іншага паверха, але нават і на сваёй лесвічнай пляцоўцы. А пра тое, каб ведаць людзей з іншага пад’езда ці, тым больш з суседняга двара, дык і мова не ідзе. Зусім іншая справа – вёска, асабліва невялікая. Тут амаль кожны ведае не толькі імя і прозвішча суседа, але, можна сказаць, і ўсю яго радаслоўную. Бо ў вёсцы жыццё – нібы на далоні, ды і людзі тут больш адкрытыя. А таму ўзяць на сябе абавязкі старасты вёскі Таццяна Мікалаеўна Карабчук, якая ва Ужове ведае кожную вуліцу, кожны дом, кожнага жыхара, згадзілася доўга не раздумваючы. Каму, як ні ёй – сацыяльнаму работніку, які штодня бывае ў дамах пенсіянераў у вёсках Высокае і Ужова, ведаць усе праблемы вяскоўцаў. Вось на той вуліцы ліхтар не гарыць, а на гэтай дарогу размыла — ні праехаць, ні прайсці… Значыць трэба у сельскі Савет тэлефанаваць паведаміць. Самае галоўнае, лічыць Таццяна Мікалаеўна, не заставацца раўнадушным. А калі любіш вёску, саму атмасферу вясковага жыцця з яго яскравымі краявідамі і нязлічанымі праблемамі і турботамі, душа баліць за ўсё, што тут адбываецца.
Вось ужо восьмы год Таццяна Карабчук працуе сацыяльным работнікам. Спраўляцца са штодзённымі клопатамі дапамагае яна шасці адзінокім пенсіянерам. Лекі ім прывозіць, прадукты, дапамагае па хатніх справах, але самае галоўнае — пазбаўляе іх ад адзіноты: пагутарыць, раскажа, што ў вёсцы адбываецца, газету раённую прывязе, пачытае апошнія навіны і, вядома, пра праблемы кожнага даведаецца.
Стараста ў вёсцы — сувя­зное звяно мясцовай ула­­ды і вяскоўцаў, свое­асаб­лівы дыпламат, які тонка ўмее данесці патрэбную інфармацыю, знайсці кантакт. Вось і для маладога старшыні Лукаўскага сельскага Савета Алены Васільеўны Марук стараста вёскі Ужова — чалавек, які амаль стапрацэнтна ведае сваіх аднавяскоўцаў, добры памочнік у знаёмстве з людзьмі. Дапамагае стараста і ў арганізацыі свят, ушанаванні юбіляраў, не застаецца ўбаку і тады, калі праводзяцца рэйды па неспрыяльных сем’ях, а яшчэ абавязкова даносіць да ўсіх важную інфармацыю. Камунікабельнаму, актыўна­му чалавеку гэта не ў цяжар.
У вясковым жыцці з яго тысячамі работ, пераплеценых чаканнем рэдкага свята, не заўсёды ёсць час пасядзець, пагутарыць. А таму, сустрэўшыся з вяскоўцамі, Таццяна Мікалаеўна стараецца хоць на хвіліначку затрымацца, пацікавіцца, ці ўсё добра. Такі момант і зафіксаваў фотакарэспандэнт раённай газеты.
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКУ: стараста вёскі Ужова Таццяна Карабчук разам са сваімі падапечнымі Аляксеем Аляксеевічам і Аленай Дзмітрыеўнай Герасімук.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 21.06.2014 г.

Добавить комментарий


автомобильные аккумуляторы киев
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!