Марыя

Марыі Кузьмінічне Вітрук – 89. Але яна добра памятае, што давялося перажыць у сваім жыцці. Найбольш расказвае пра дзяцінства, якое было апалена, як і ў многіх тады яе аднагодкаў, вайною. 15 год было Марыі Кузьмінічне ў другую сусветную вайну. Паспела закончыць 5 класаў польскай школы. І як сёння памятае той страшны дзень — 22 чэрвеня 1941 года.
— Маці пайшла на вуліцу, прыбягае назад і плача. Вайна, дзеткі, пачалася, — кажа, — уся вёска ў дыме, самалёты лятаюць, страляюць. А праз тыдзень у вёсцы з’явіліся немцы. Пачалі збіраць моладзь, каб вывезці ў Германію. Хлопцаў і дзяўчат тады ў вёсцы было шмат, і каб не трапіць немцам у рукі, вымушаны былі хавацца ў лесе. Галадалі, начавалі ў лесе, дзе сядзеш, бывала, там і спіш. Немцы лічылі, што ў нашых месцах “партызанскае гняздо”, таму ў нашай і бліжэйшых вёсках іх было вельмі шмат. Наш бацька Кузьма Андрэевіч быў падпольшчыкам, і мы вельмі баяліся, што немцы расстраляюць яго і ўсю нашу сям’ю. Часта разам з партызанамі дзяжурылі, каб ведаць, дзе размяшчаюцца немцы, дзе яны хо­дзяць.
У мясцовага насельніцтва немцы забіралі ўсё: кароў, коней. Калі некага падазравалі ў сувязі з партызанамі, адразу з такімі распраўляліся: кідалі ў калодзеж, расстрэльвалі. А потым пачалі паліць цэлыя вёскі. Жылі мы ў зямлянках. Адну ад адной рабілі на адлегласці 1 кіламетр. Бо калі раптам аблава, зловяць усіх. Выратаваннем было тое, што балоты былі побач, а немцы вельмі баяліся іх. Не раз партызаны гаварылі: “Трывайце! Хутка нашы прыйдуць”. У хуткім часе мы пачулі: “Чырвоная Армія ў Гвозніцы”. Салдаты яе пры сустрэчы гаварылі: “Усё, можаце вяртацца ў сваю вёску”. Але нам не было куды вяртацца, таму што нашу вёску спалілі.
У 1944 годзе Марыю Кузьмінічну накіравалі на вучобу ў Баранавічы, каб затым яна працавала на чыгунцы.
— Заехалі мы на станцыю “Баранавічы-Палескія”, а там усё разбіта. Да абеду вучыліся, а пасля абеду аднаўлялі вакзал. Я вучылася вельмі добра, можна сказаць, на “выдатна”. Калі б гэта было цяпер, залаты медаль, напэўна, атрымала б, — кажа Марыя Кузьмінічна. – Матэматыка вельмі лёгка давалася, бо бацька быў надта добрым матэматыкам.
Калі Марыя Кузьмінічна вярнулася з вучобы, а вучылася год, уладкавалася на работу ў Брэсце на чыгунку. Накіроўвалі ў Мінск вучыцца далей, але бацькі не пусцілі.
Пасля вайны ўжо, у 1947 годзе, Марыя Кузьмінічна выйшла замуж. З Брэста пераехалі жыць у вёску. У 1948 годзе там утварыўся калгас, уладкаваліся туды. Працавалі бясплатна. Сям’я разрасталася, і Вітрукі паехалі на заробкі ў Казахстан. Праз 5 год вярнуліся назад. Вось толькі сямейныя адносіны не складваліся.
— Не пашанцавала мне са спадарожнікам маім, — шчыра дзялілася Марыя Кузьмінічна. — Сам быў украінец. То пакідаў сям’ю, ехаў на радзіму, то зноў прыязджаў, а апошні раз паехаў і больш не прыехаў.
А на руках у Марыі Кузьмінічны засталося…сямёра дзяцей.
— На гароднінасушыльным заводзе тады я працавала, — расказвала жанчына. – Прыйду з начной змены, лягу паспаць крыху, а яны мяне ўсе сямёра абкружаць і шчабечуць кожны нешта сваё. Дзе ты заснеш. У сад не вадзіла, бо не было ў што апрануць.
Марыя Кузьмінічна добра ра­зумела, што спадзявацца няма на каго, што ўвесь цяжар сямейных турбот і клопатаў кладзецца толькі на яе кволыя жаночыя плечы і рукі. А яны не баяліся ніякай работы. І стравы гатаваць вельмі любіла.
— Гуляюць разам з маімі дзецьмі чужыя, а затым усе да нас ідуць, блінамі іх частую. Суседскія наогул дамоў не хацелі ісці. Калі маці прыходзіла іх забіраць, ніколі не сварыла, толькі казала: “Добрая вы, цётка Марыя, чужыя дзеці для вас, як свае, таму і любяць вас”.
Дабрынёю перапоўнена душа Марыі Кузьмінічны і цяпер. І цяпер яна ўсё такая ж аптымістка, усё такая ж добразычлівая, жыццярадасная, простая, шчырая. Жыве ў прасторным доме разам з дачкою Ленай. Але заўсёды з нецярпеннем чакае ў госці і астатніх сваіх дзяцей, пяцёра з якіх са сваімі сем’ямі жывуць у Маларыце, а двое – у Мінску. Як і 13 праўнукаў, якіх ёй падарылі ўжо дзеці дзяцей.
— Якая ты, Марыя, шчаслівая маці, — часта кажуць Марыі Кузьмінічне Вітрук яе знаёмыя. – Такімі добрымі сваіх дзяцей выхавала. Яна ж у адказ, як звычайна, толькі добразычліва ўсміхаецца.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Марыя Кузь­мінічна ВІТРУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 21.06.2014 г.

Добавить комментарий


www.pills24.com.ua

agroxy.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!