26 ЧЭРВЕНЯ – ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ ПРАКУРАТУРЫ

Пракуратура раёна была створана ў студзені 1965 г. Цяпер яе ўзначальвае Раман Гузюк. Напярэдадні прафесійнага свята ён адказаў на пытанні карэспандэнта “Голасу часу”.
— Раман Яўгенавіч, якая роля пракуратуры на сучасным этапе, якія задачы сёння з’яўляюцца першаступеннымі ў яе дзейнасці?
— Пракуратура вядзе нагляд за прытрымліваннем законаў, дэкрэтаў, указаў і іншых нарматыўна-прававых актаў, сочыць за выкананнем заканадаўства пры ажыццяўленні аператыўна-вышуковай дзейнасці, за выкананнем закона ў ходзе судовай вытворчасці, пры вытворчасці папярэдняга следства, за адпаведнасцю закону судовых пастаноў, а таксама за прытрымліваннем заканадаўства пры іх выкананні і г.д. Акрамя таго, пракуратура каардынуе дзейнасць праваахоўных і іншых органаў, якія змагаюцца са злачыннасцю і карупцыяй.
— Злачынстваў якой накіраванасці ў раёне ўчыняецца больш за ўсё, і як можна ахарактарызаваць крымінагенную абстаноўку, што склалася ў раёне з пачатку года?
— У структуры злачыннасці пераважаюць крадзяжы, якія складаюць каля 36% ад агульнага ліку злачынстваў. Крымінагенная абстаноўка па выніках пяці месяцаў 2014 года характарызуецца ростам злачыннасці на 46,8% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Колькасць злачынстваў вырасла ў асноўным за кошт павелічэння крадзяжоў з 22 да 23, фактаў ухілення ад платы мытных плацяжоў — з 0 да 7, а таксама за кошт выяўленых карупцыйных злачынстваў — з 0 да 5. У той жа час не дапушчана фактаў наўмыснага нанясення цяжкіх цялесных пакалечанняў, разбояў і згвалтаванняў. Пракуратура раёна ў маі гэтага года правяла пазапланавую каардынацыйную нараду па пытаннях барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй у раёне, на якой разгледжаны прычыны росту злачыннасці і эфектыўнасць узаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанню злачынстваў. На ёй прынята канкрэтнае рашэнне наконт сумесных дзеянняў зацікаўленых службаў па зніжэнню ўзроўню злачыннасці.
— Што можна сказаць пра злачыннасць сярод непаўналетніх?
— Дзякуючы сумесным намаганням зацікаўленых суб’ектаў прафілактыкі ўдалося знізіць злачыннасць непаўналетніх у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года з 5 да 0 фактаў.
— А якія вынікі барацьбы з карупцыяй?
— Праведзены планавыя праверкі выканання патрабаванняў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, аб дзяржаўных закупках тавараў, работ, паслуг у філіяле “РММ г. Маларыта” ДзУПП “Брэстводбуд”, ААТ “Маларыцкая райаграпрамтэхніка”, КУП “УКБ Маларыцкага раёна”, КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, па выніках якіх выяўлены неадзінкавыя факты ўчынення адказнымі асобамі прадпрыемстваў правапарушэнняў, што ствараюць умовы для карупцыі, звязаныя са знаходжаннем у рабочы час за мяжой і ўнясеннем у табелі ўліку выкарыстання рабочага часу лжывых звестак аб адпрацоўцы ў гэтыя дні поўнага рабочага часу. Па выніках праверак па патрабаванню пракуратуры да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты чатыры адказныя асобы, таксама з іх утрыманы грашовыя сродкі, неабгрунтавана выплачаныя ў якасці зарплаты.
— Колькі і па якіх пытаннях разгле­джана зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб у пракуратуры раёна?
— За пяць месяцаў гэтага года ў пракуратуру паступіла 47 зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, з якіх вырашаны па сутнасці 31 зварот, астатнія перанакіраваны для разгляду па падведамаснасці ў кампетэнтныя органы. З вырашаных у пракуратуры 12 – па пытаннях дазнання аддзела ўнутраных спраў, 8 – па пытаннях законнасці прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, 5 – па пытаннях працоўнага заканадаўства, па аднаму звароту паступіла наконт жыллёвага і пенсійнага заканадаўства, астатнія – па іншых пытаннях. Як правіла, адказы на звароты грамадзян насілі растлумачальны характар. Аднак былі і задаволеныя звароты. Так, напрыклад, грамадзянін Н.Ф. Мароз быў не згодны з тым, што ў аддзеле ўнутраных спраў яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, і звярнуўся ў пракуратуру. Па выніках разгляду на пастанову РАУС пракурор прынёс пратэст, які задаволіў суд раёна, а незаконная пастанова РАУС была адменена.
Як станоўчы момант, варта адзначыць, што павялічылася колькасць суб’ектаў гаспадарання, якія звярнуліся з хадайніцтвам аб заяве ў эканамічны суд іскаў на іх карысць аб спагнанні дэбіторскай запазычанасці. Усе яны задаволены. Так, з пачатку года пракуратура раёна ў інтарэсах суб’ектаў гаспадарання заявіла тры іскі на агульную суму 66 мільёнаў рублёў. У мінулагоднім перыядзе такія іскі не заяўляліся ў сувязі з адсутнасцю зваротаў.
— Што змянілася ў дзейнасці пракуратуры за год?
— У калектыве змяніўся памочнік пракурора. У пачатку года з водпуску па догляду за дзіцём да трох гадоў выйшла Вольга Бурштын, якая з’яўляецца пастаянным работнікам.
Новае, што калектыў пракуратуры будзе асвойваць у бліжэйшы час, — нагляд за выкананнем заканадаўства ў войсках. Абумоўлена гэта ліквідацыяй ваенных пракуратур. Згодна з загадам Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь №15 ад 6 чэрвеня 2014 года паўнамоцтвы ваенных пракурораў з 1 ліпеня гэтага года ўскладаюцца на тэрытарыяльных пракурораў. Такім чынам, без работы па гэтаму напрамку нагляду не застанемся, бо на тэрыторыі нашага раёна ёсць аддзел пагранічнай службы “Маларыта”, райваенкамат, ваенна-паляўнічая гаспадарка.
— Напярэдадні прафесійнага свята, Раман Яўгенавіч, што б Вы хацелі пажадаць свайму калектыву?
— У нашай службе канікулаў не бывае. Жадаю ўсім сваім калегам паспяховай работы на карысць грамадства, пастаяннага прафесійнага ўдасканалення, моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, добрага настрою ў дзень прафесійнага свята і заўжды, дабра ад лёсу і ад людзей.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: пракурор раёна Раман ГУЗЮК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 25.06.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


lkredit.com.ua

tokyozakka.com.ua

militarycenter.com.ua