У паветры запахла жнівом

Малады механізатар СВК “Хаціслаўскі” Сяргей Пішчык у гэтыя дні падпарадкаваны толькі адным клопатам – рыхтуе да выхаду ў поле КЗС-1218, пракручвае, прамазвае, правярае ўсе дэталі і механізмы, каб забяспечыць сабе надзейную работу ў час жніва. Учарашні салдат, дэмабілізаваўшыся, нават і тыдня дома не адпачыў, адразу ж уліўся ў калектыў, дзе працаваў да арміі.
— А чаго без справы ся­дзець, трэба працаваць. Мая машына мяне, ведаю, чакае.
З гэтымі сло­вамі звярнуўся хлопец да кі­раўніцтва гас­падаркі, якое з ахвотай падтрымала Сяргея і прызначыла камбайн, на якім ён разам са сваім напарнікам Леанідам Мішчуком працаваў да арміі. Тады гэта была зусім новая машына, цяпер ёй тры гады. Тады ён паспеў адчуць і смак поспеху, калі быў у прызёрах абласнога спаборніцтва на жніве сярод маладых камбайнераў. Сяргей “гарыць” уступіць у бой за ўраджай разам з іншымі механізатарамі. Тым больш, што ў гаспадарцы, як зацверджана на апошнім пасяджэнні праўлення, вырашана выдаваць прэміі ў суме 10 мільёнаў рублёў тым кабайнерам, якія намалоцяць звыш 999 тон зерня і не будуць мець ніякіх заўваг ні па дысцыпліне, ні па якасці. Стымул добры, механізатары пра гэта ведаюць са сходу, што праведзены напярэдадні жніва.
Стапрацэнтную даплату да выкананага даведзенага задання атрымаюць вадзіцелі. Прадугледжаны меры матэрыяльнага заахвочвання і тым, хто будзе заняты на зернетаках. Усе ўдзельнікі ўборкі, як зазначыў намеснік старшыні СВК “Хаціслаўскі” Васіль Харык, будуць забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем – абедамі і вячэрай – за сімвалічную плату. На тэрыторыі перад машынным дваром ёсць стэнд, дзе можна пазнаёміцца з умовамі спаборніцтва, мерамі маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. Штодзённая «маланка» і флаг у гонар перадавікоў будуць, несумненна, падаграваць дух саперніцтва. А пра ход жніва ў цэлым у раёне мясцовыя механізатары, як заўжды, даведаюцца з раённай газеты “”, якой на стэндзе таксама адведзена месца. Зусім нядаўна побач з гэтым стэндам з’явілася і яшчэ адна ў гаспадарцы Дошка гонару, на якой змешчаны здымкі 16 лепшых трактарыстаў-машыністаў, вадзіцеляў, майстроў-наладчыкаў і нават млынара, што сведчыць тут пра павагу да чалавека любой прафесіі. Пакінута не­калькі і пустых ячэек з над­пісам “А тут мог бы быць і ваш фотаздымак”. Гэта будзе мараль­на стымуляваць і іншых работнікаў. Тым больш, што тыя, чые здымкі змешчаны на Дошцы гонару, атрымліваюць штомесячна даплату ў памеры трох базавых велічынь да асноўнага заробку.
…У паветры запахла жнівом. У гаспадарцы прыступаюць да абмалоту свірэпіцы. На падыхо­дзе рапс і зерневыя. Для хаціславян настаў напружаны час – зерневыя трэба ўбраць на плошчы 2650 гектараў. Даведзена заданне сабраць не менш чым 8 тысяч тон зерня ў вазе пасля дапрацоўкі. Нагрузка на адзін камбайн, а ўбіраць ураджай будуць восем, немалая – 330 гектараў, што патрабуе высокай арганізаванасці работ. Гэтаму і падпарадкавана ідэалагічнае забеспячэнне жніва, у чым мы пераканаліся, пабываўшы нядаўна ў сельгаскааператыве.
— Людзі ў нас працавітыя і адказныя, — падкрэсліў Васіль Сяргеевіч. – Не падвядуць.
А выконваючы абавязкі галоўнага агранома Вя­часлаў Смаль сказаў, што ўраджай паспеў нядрэнны, такім павінен быць і рабочы настрой удзельнікаў жніва.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: Васіль Харык ля Дошкі гонару на машынным двары СВК “Хаціслаўскі”; малады механізатар Сяргей Пішчык.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 25.06.2014 г.

Добавить комментарий


babyforyou.org

https://velotime.com.ua

http://nissan-ask.com.ua/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!