Па дарогах ваеннай памяці

…На працягу ўсяго разгортвання дзеяння на сцэне юныя артысты ў напружанні трымалі гледачоў. Драматызм сюжэта і ўмелая гульня эмацыянальна ўздзейнічалі на ўсіх прысутных. У многіх гледачоў, асабліва тых, каму давялося перажыць ваеннае ліхалецце, на вачах былі слёзы.
Так да глыбіні душы кранула чарговае выступленне клуба аматараў тэатральнага мастацтва “Шанц”, які існуе пры Маларыцкім ГДК.
— Нашаму калектыву ўжо 4 гады, — кажа Вольга Табачкоўская, мастацкі кіраўнік і рэжысёр “Шанца”. – У клубе цяпер пастаянна займаецца 16 чалавек. Гэта вучні 9-11 класаў раённай гімназіі і СШ №1. Мы ажыццяўляем пастаноўкі розных аўтараў і жанраў. А да Дня Перамогі падрыхтавалі драматычную кампазіцыю “Па дарогах памяці” паводле п’есы ўкраінскага драматурга Яраслава Стэльмаха “Спытай калі-небудзь у травы…” Яна ў сваю чаргу напісана па матывах рамана Аляксандра Фа­дзеева “Маладая гвардыя”.
Пастаноўка была яркай, эмацыянальнай і ў той жа час вельмі кранала і запаміналася. Акцёры ігралі натуральна, нязмушана. Пастаноўка “Па дарогах памяці” расказвае пра апошнія дні юных падпольшчыкаў-маладагвардзейцаў. Галоўныя героі твора, сустрэўшыся недзе ў часе і прасторы, спрабуюць зразумець, дзеля чаго яны пайшлі з гэтага жыцця. Гэты спектакль – яшчэ адзін напамін пра тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду будучых пакаленняў, пазбавіўшыся сваёй ўласнай будучыні. Юныя тэатралы змаглі тонка і дакладна перадаць пачуцці звычайных юнакоў і дзяўчат, на долю якіх выпалі зверскія катаванні фашыстаў.
Каб ажыццявіць пастаноўку згодна з аўтарскай задумкай, былі запрошаны яшчэ і юнакі з Маларыцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама Яна Коцелева, вучаніца 3 класа СШ №2.
— У нас не хапала для ўсіх роляў сваіх “артыстаў”, — гаворыць Вольга Паўлаўна, — бо твор густа населены персанажамі. Тое, што ўбачылі гледачы на сцэне, — гэта вынік сумеснай працы згуртаванай і прафесійнай каманды: Зоі Аўдзяюк, балетмайстра; Ксеніі Табачкоўскай, грымёра; Юрыя Лішугі, рэжысёра ГДК; Людмілы Курдзюк, мастака-афарміцеля; Мірона Заплацінскага, інжынера…
— У мяне складаная роля, — кажа Вольга Баравік. – Згодна з сюжэтам, я павінна ўвасобіць на сцэне дзяўчыну, валявую, мэтанакіраваную, якая ні пры якіх абставінах не мяняе сваіх поглядаў, перакананняў. Мне нялёгка было ўжыцца ў гэты складаны вобраз, дакладна перадаць унутраны свет гераіні. Наогул, сама пастаноўка яшчэ раз прымушае кожнага сур’ёзна задумацца над сэнсам жыцця, над тым, што для чалавека з’яўляецца самым важным і галоўным.
— Я з задавальненнем іграю ролю Каці, — гаворыць Фаціма Тукушава, — бо, напэўна, у нечым падобна на гэтую гераіню. Тэкст п’есы мяне глыбока крануў адразу ж пасля першага прачытання. Слёзы, што выступаюць у мяне на вачах у час спектакля, шчырыя. Яны ад перажывання, ад роздуму пра лёс маіх аднагодкаў, чыё жыццё, мары і спадзяванні назаўсёды перакрэсліла вайна.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: моманты драматычнай кампазіцыі “Па дарогах памяці”, якая пастаўлена ў гарадскім парку.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 25.06.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!