Калі вас укусіла гадзюка

Некаторыя змеі бываюць ядавітымі. На тэрыторыі нашай краіны – гэта гадзюкі. І праблема ў тым, што вы ніколі не можаце быць упэўненымі, ядавітая вас змяя ўкусіла ці не. А ўлічваючы тое, што небяспечнае для жыцця дзеянне яду можа праявіцца не адразу, а праз гадзіну, самае разумнае, што вы можаце зрабіць, — адразу выклікаць “хуткую дапамогу” ці ехаць у бальніцу.
Але да прыезду “хуткай” (ці да выезду ў бальніцу) неабходна аказаць першую дапамогу, якая значна аблегчыць далейшае лячэнне таго, каго ўкусіла гадзюка. Першае — пацярпеламу лепш не рухацца (ва ўсякім выпадку не рухаць укушанай канечнасцю). Яд гадзюкі распаўсюджваецца па лімфатычных сасудах, і любыя мышачныя рухі павялічаць хуткасць распаўсюджвання яду. Лепш за ўсё пакласці пацярпелага так, каб галава была ніжэй, чым узровень ног. Гэтым вы захаваеце мазгавы кровазварот на больш-менш дапушчальным узроўні (бо частка крыві ад яду разбураецца).
Адразу пасля гэтага пачынайце выціскаць і адсмоктваць яд з ранкі. Рабіце гэта не менш чым 10-15 хвілін. Так можна выдаліць да 50% яду.
Змяіны яд не ўяўляе небяспеку для поласці роту (калі там няма парэзаў і язваў), бо доза будзе надта малой. Але ўсё ж пасля кожнага адсмоктвання трэба сплёўваць сліну. Пасля адсмоктвання яду прамыйце ранку і свой рот вадой.
Палоска любой тканіны завязваецца вельмі шчыльна, але так, каб паміж тканінай і скурай можна было прасунуць два пальцы. Такая павязка не перашкаджае крыватоку, але некалькі замаруджвае распаўсюджванне яду па лімфе. Па меры ўзмацнення ацёку павязку трэба аслабляць, каб яна не ўразалася ў тканкі.
Жгут накладваць катэгарычна забараняецца, бо парушэнне крова­звароту ўзмоцніць распад тканак там, дзе ўкусіла гадзюка, а прадукты гэтага распаду будуць атручваць арганізм пацярпелага. Гэта практычна стапрацэнтны спосаб атрымаць гангрэну.
Каб знізіць канцэнтрацыю яду, чалавек павінен многа піць чаю і кавы. Калі стан рэзка пагаршаецца і няма магчымасці аказаць медыцынскую дапамогу, дайце пацярпеламу гарманальны супрацьзапаленчы сродак (да прыкладу, праднізалон, супрасцін, дымедрол), якія павінны быць у аптэчцы.
Нельга разрэзваць, прыпякаць ранку, змочваць яе марганцоўкай, даваць пацярпеламу ежу і спіртное, бо алкагольная інтаксікацыя ўзмацняе дзеянне яду. Пры транспарціроўцы чым менш пацярпелы будзе рухацца, тым менш яд распаўсюдзіцца па яго арганізме. Пажадана перавозіць чалавека, каб ён ляжаў на насілках, ці несці на руках (дзіця). Паражоную канечнасць можна зафіксаваць шынай.
У бальніцы пацярпеламу ўвядуць сываратку – самы эфектыўны сродак супраць яду. Але ў выпадку з гадзюкамі сываратку трэба ўвесці на працягу першых 30 хвілін (адна гадзіна – гэта самы максімум). Калі сываратка будзе ўведзена праз некалькі гадзін, яе эфектыўнасць знізіцца ў разы.
Мікалай КАСЬЯНІК, інжынер па лесакарыстанні ДзЛГУ “Маларыцкі лясгас”.

Опубликовано в «ГЧ» 25.06.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.