Каб адчуць шчасце нараджэння дзіцяці

Каб у сям’ю прыйшло шчасце нараджэння здаровага дзіцяці, вельмі важнай з’яўляецца мэтанакіраваная падрыхтоўка да выношвання пажаданай, паўнацэннай плануемай цяжарнасці. Па-першае, трэба прайсці абследаванне, зрабіць дыягностыку з мэтай выяўлення гінекалагічнай паталогіі. Доктар параіць, як харчавацца, падкажа метад кантрацэпцыі на перыяд падрыхтоўкі да плануемай цяжарнасці, пракансультуе па псіхалагічных аспектах.
Адным з фактараў рызыкі з’яўляецца ўзрост. У медыка-генетычнай кансультацыі магчыма выяўленне і вызначэнне носьбітасці многіх спадчынных захворванняў. Жанчыны ва ўзросце пасля 35 гадоў, якія выношваюць дзіця, павінны ведаць аб павышанай медыцынскай рызыцы такой цяжарнасці. У гэтым выпадку нельга адкладваць свой візіт да генетыка.
Калі збіраецеся стаць маці, пастарайцеся прадухіліць інфекцыйныя захворванні (ВІЧ, сіфіліс, гепатыты В і С, таксаплазмоз, герпес, краснуху і інш.), якія могуць прывесці да неспрыяльнага выніку будучай цяжарнасці. Абавязкова трэба прайсці абследаванне для выяўлення распаўсюджаных інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам. Пры неабходнасці прайсці імунізацыю супраць гепатыту В, краснухі, вятранкі.
Важна ацаніць рызыку ўсяго шкоднага, што акружае жанчыну. У быце, пры вядзенні хатняй гаспадаркі кожная гаспадыня выкарыстоўвае шмат хімікатаў, нават не задумваючыся аб іх таксічнасці. Плод у перыяд ўнутрывантробнага развіцця значна больш адчувальны да таксінаў навакольнага асяроддзя, чым дарослыя. Лічыцца, што лекі ці хімічныя спалучэнні з’яўляюцца прычынай ад 3 да 6 працэнтаў усіх прыроджаных анамалій развіцця. Найбольш адчувальны перыяд – тэрмін цяжарнасці ад імплантацыі зародыша да 9 тыдняў развіцця.
Нават калі жанчына адчувае сябе абсалютна здаровай, трэба абавязкова прайсці штогадовую дыспансерызацыю, а таксама абмеркаваць са сваім гінеколагам, якія прэпараты ўяўляюць найменшую пагрозу для развіцця цяжарнасці. Вельмі важна наведаць стаматолага і, калі ёсць карыес, абавязкова вылечыць яго. Яшчэ адна абавязковая ўмова – трэба пазбавіцца ад шкодных звычак: кінуць курыць, скараціць да мінімуму ўжыванне алкагольных напояў, не прымаць наркатычныя і псіхатропныя рэчывы, абмежаваць прыём кафеін-утрымліваючых напояў да дзвюх шклянак у дзень.
Але самае галоўнае — аддаць перавагу “правільным” звычкам: умераным фізічным практыкаванням, прагулкам на свежым паветры. Старайцеся разнастаіць сваё харчаванне рознымі прадуктамі: ешце больш садавіны і гародніны, менш ласункаў і мучных вырабаў. На працягу 3 месяцаў да цяжарнасці і першыя 3 месяцы цяжарнасці ўжывайце фоліевую кіслату, не забывайце пра полівітаміны. Яны ўтрымліваюць усе неабходныя кампаненты для паўнацэннай цяжарнасці. Да выбару полівітамінаў для цяжарных трэба падыходзіць пільна, бо не ўсе полівітамінна-мінеральныя комплексы аднолькава карысныя. Рэкамендую прымаць «Элевіт». Ён найбольш поўна адпавядае паняццю “вітамінна-мінеральны комплекс для цяжарных”, прайшоў клінічныя даследаванні з удзелам больш чым 5 тысяч цяжарных жанчын.
Таісія ЧУЙКО, загадчыца акушэрска-гінекалагічнага кабінета паліклінікі.

Опубликовано в «ГЧ» 25.06.2014 г. 

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!