Калодзеж, калодзеж, дай вады напіцца…

На Маларытчыне, паводле вынікаў акцыі, якая праводзілася ў 2012 г., налічваецца 2386 кало­дзежаў, з іх 284 – у Пажэжынскай зоне, 273 – у Вялікарыцкай, 243 – у Чарнянскай, 163 – у Макранскай. У Мельніках вы­карыстоўваецца 210 калодзежаў, у Збуражы – 209, у Арэхаве – 181, у Макранах – 163, у Олтушы – 139, у Замшанах – 127, у Гвозніцы – 99, у Хмялёўцы – 40.
Наша здароўе і даўгалецце ў вялікай ступені залежаць ад якасці той вады, якую мы штодня п’ем. Паводле дадзеных Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, у 40% шахтавых калодзежаў у краіне назіраецца перавышэнне гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі нітратаў у вадзе. Вялікая іх колькасць у арганізме чалавека ўяўляе пагрозу здароўю.
Для таго, каб засцерагчыся ад таксічнага ўздзеяння нітратаў, можна самастойна праверыць ваду на ўтрыманне ў ёй нітратаў. Зрабіць гэта можна нават у хатніх умовах пры дапамозе спецыяльнай тэст-палоскі. Гранічна дапушчальная канцэнтрацыя нітратаў у пітной вадзе складае 45 мг/л. Рэкамендаванае значэнне — іх поўная адсутнасць.
Ала Чуль, настаўніца біялогіі раённай гімназіі, разам з вучнямі 8-10 класаў установы адукацыі, вырашыла правесці “водны кантроль”. Для гэтага яна ў рамках еўрапейскага праекта “Зялёныя школы” сумесна з рэспубліканскім Цэнтрам экалагічных рашэнняў правяла выбарачную праверку наяўнасці нітратаў у кало­дзежах на Маларытчыне пры дапамозе тэст-палосак. Праверка паказала, што ў калодзежах райцэнтра на вуліцах Юбілейная, Усходняя, Палеская, Горкага, Першамайскай, Чкалава ўтрыманне нітратаў складае не менш за 100 мг/л; на вуліцах Усходняя, Несенюка — 50 мг/л; на вуліцы П.Броўкі — 25 мг/л; на вуліцах Ткачова, Горкага – 10 мг/л; на дачным участку “Меліяратар” – 250 мг/л.
Інфармацыя, якая атрымана пры дапамозе тэст-палосак, мае ацэначны характар і не можа быць выкарыстана як афіцыйная. Канчатковае і поўнае заключэнне аб забруджанасці вады ў калодзежы нітратамі можна атрымаць толькі ў выніку правядзення лабараторнага даследавання, звярнуўшыся ў мясцовы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
* * *
Удзельнікі даследавання разам з аналізам вады на нітраты праводзілі і растлумачальную работу сярод мясцовага насельніцтва, давалі парады, распаўсюджвалі даведачную літаратуру па бяспецы спажывання вады з утрыманнем нітратаў. Большасць насельніцтва з разуменнем ставілася да гэтага пытання.
Мікалай Навумчык.
На здымку: у час правядзення даследавання на ўтрыманне нітратаў у калодзежнай вадзе ў райцэнтры.

Опубликовано в «ГЧ»  25.06.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!