“Зялёнае” звяно працуе

А вось да сапраўднага парадку на тэрыторыі малочнатаварнай фермы «Гвозніца» яшчэ далёка, як і да высокіх надояў у аднайменным СВК, дзе разам з галоўнымі спецыялістамі райсельгасхарчу – заатэхнікам Надзеяй Назарук і інжынерам Сяргеем Хатынюком пабывалі ў аўторак.
Кучы гною, выдаленага з жывёлагадоўчых памяш­канняў, якія месцяцца тут жа, няскошанае пустазелле, будаўнічыя матэрыялы, раскіданыя пад павеццю нейкія старыя дошкі і бярвенні, рассыпаныя па асфальце рэшткі шчэбеню з пяском ніяк не ўпісваліся ў малюнак пад назвай “Раніца на ферме”. Хоць у астатнім усё было, як належыць на гэтым вытворчым участку ў 7 гадзін раніцы. Тут ішла ранішняя дойка. У новым цялятніку, дзе ўтрымліваецца 190 цялушак да шасцімесячнага ўзросту (маладняк ад высокаўдойных кароў выдзелены ў асобную групу), а таксама ў суседніх памяшканнях (у адным знаходзіліся сухастойныя каровы і цельныя цялушкі, у другім — 200 бычкоў на адкорме) жывёла з апетытам паядала толькі што завезеную кормараздатчыкам зялёную масу. Яе з сенажаці на ферму дастаўлялі два МАЗы. У боксах і выгульных загонах было суха. Дагле­джанай выглядала і сама жывёла.
Акрамя даярак, цялятніц, загадчыцы фермы, трактарыста кормараздатчыка, а таксама вадзіцеляў МАЗаў, якія вазілі з сенажаці зялёную масу, у гэткі ранні час сустрэлі тут і галоўнага заатэхніка гаспадаркі Вік­тара Абрамчука, і яшчэ некалькіх работнікаў — адзін з іх абкошваў сянажную траншэю, а другі — штучнай мятлой уручную чысціў ад пяску і шчэбеню асфальт…
…Калі гаварыць пра да­сягненні жывёлаводаў СВК “Гвозніца” ў цэлым, то яны, мяркуючы па выніках пяці месяцаў, не зусім дрэнныя. Валавая вытворчасць малака (ў сельгаспрадпрыемстве налічваецца 625 кароў, а ўсё пагалоўе буйной рагатай жывёлы — 1941 галава) з пачатку года склала 105,1 працэнта, а надой на адну карову ў параўнанні з адпаведным перыядам летась павялічыўся на 43 і дасягнуў 1680 кілаграмаў малака. Не рэкорд, вядома ж, а ўсё ж лепш, чым “мінус”. Хоць у чэрвені без яго і не абышлося.
Цяпер сярэднясутачныя надоі малака ад каровы ў гаспадарцы складаюць 12,6 кілаграма, што на паўтара кілаграма менш, чым атрымлівалі ў чэрвені мінулага года, і на 7-6 кіла­грамаў менш, чым дояць у гэтыя дні лідары малочнай вытворчасці — сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Савушкіна” і СВК “Дарапеевічы”.
У чым прычына такога зніжэння надояў летам, якое спакон веку называюць часам “вялікага” малака? Тым больш, што парушэнняў у кармленні і ва ўтрыманні жывёлы быццам няма, “зялёнае” звяно працуе зладжана. Як растлумачыў галоўны заатэхнік сельгаскааператыву Віктар Абрамчук, на зніжэнне надояў паўплываў шэраг фактараў. Гэта і недахоп добрай пашы, а некаторыя ўчасткі з-за дажджоў увогуле аказаліся затопленымі, і адсутнасць канцэнтратаў. Ды і халоднае сырое надвор’е нельга не браць пад увагу.
Што тычыцца канцэнтратаў, то іх, па словах галоўнага спецыяліста, з разліку 200 грамаў на літр малака атрымліваюць цяпер толькі 270 кароў першым целем, якія ноччу ўтрымліваюцца ў памяшканні, а днём выганяюцца на пашу побач з фермай. Раніцай і вечарам яны атрымліваюць яшчэ па 30 кілаграмаў зялёнай масы шматгадовых траў з аднагадовымі віка-аўсянымі сумесямі. Таму і сярэднясутачны надой у гэтай групе складае 14 кілаграмаў малака на карову, чаго нельга сказаць пра дзве іншыя, якія знаходзяцца на кругласутачным пашавым утрыманні. Гэтае дойнае пагалоўе задавольваецца тым, што з’есць на пашы, ды яшчэ паўтара кілаграмамі шроту на галаву. А калі да такога рацыёну дадаць яшчэ халодныя ночы з дажджамі, то пра якое вялікае малако можна гаварыць? Ды і тэхналагічных прыбаўленняў у вазе маладняку дасягнуць за кошт адной толькі травяной масы таксама наўрад ці атрымаецца. Нават пры бесперабойнай і зладжанай рабоце “зялёнага” звяна.
І яшчэ. Магчыма, паўтаруся, але на мяне заўжды наганяюць сум паўразбураныя, з выбітымі вокнамі старыя будынкі. Яны напамінаюць кадры пасляваеннай кінахронікі. Хоць праз лічаныя дні мы будзем адзначаць 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А яшчэ такія будынкі мазоляць вока. Ёсць яны і ў Гвозніцы. Адзін з іх, з кустоўем і быллём на даху, дагэтуль стаіць перад вачыма. Гэта інфармацыя да роздуму мясцовай уладзе і кіраўніцтву гаспадаркі.
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: на кормараздатчыку ў “зялёным” звяне працуе трактарыст Іван Крэнь.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 28.06.2014 г.

Добавить комментарий


http://etalon.com.ua/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!