Бусліная вернасць роднай зямлі

Цяпер ужо Ганна Карнілаўна Гаркаўчук, пенсіянерка з вёскі Старое Забалацце, можа з упэўненасцю сказаць: мая хата з краю. На ўчастку, дзе раней стаяў суседскі дом, застаўся толькі стары хлеў, а за ім – чыстае поле. Гэты малюнак напамінае Ганне Карнілаўне яе дзяцінства, жыццё на хутары, дзе ў аддаленні ў сотні метраў адзін ад аднаго стаялі дамы. Месца гэтае называлася Замокрае. Адтуль дзяўчынка Ганна пайшла ў першы клас. Хутарскіх дзяцей-школьнікаў у той час, як успамінае Ганна Карнілаўна, было чалавек сем. Таму бацькі па чарзе адвозілі іх ранкам у школу на коннай павозцы. Калі быў створаны калгас, бацькам Ганны давялося перавезці дом у вёску. Вось так і стала Ганна Карнілаўна жыхаркай Старога Забалацця – невялікай, аддаленай, з горкім вогненным лёсам, але вельмі прыгожай і мілай яе сэрцу вёсачкі.
Ганна Карнілаўна – дзіця вайны. Нарадзілася яна ў 1943 годзе. Вядома, усяго жаху, які давялося перанесці тым, хто нарадзіўся ў даваенны час, пабачыць і адчуць ёй не давялося. Вельмі маленькая яна была, каб нешта адбілася ў памяці. А вось цяжкі пасляваенны час памятае добра. І звязаны гэтыя ўспаміны з цяжкай працай. З малых гадоў дапамагала яна маці, якая працавала даяркай. Закончыўшы сем класаў, сама пайшла на ферму. І хоць гады яе юнацтва праходзілі ў напружанай працы, іх успамінае яна з непадробленым сумам.
— Адкуль толькі сілы браліся, — распавядае Ганна Карнілаўна. – Доіш кароў, спяшаешся, каб хутчэй справіцца, бо ўжо моладзь на вуліцы збіраецца, і трэба на танцы паспець. Моладзі ж тады ў вёсцы шмат было.
Не давялося Ганне Карнілаўне далёка ехаць ці ісці, каб сустрэць сваю другую палавінку. Яе будучы муж, Іван, сам прыехаў з Лукава ў Старое Забалацце, каб дапамагаць па гаспадарцы дзядзьку. За тое, што лёс паслаў ёй такога добрага спадарожніка па жыцці, Ганна Карнілаўна ўвесь час дзякуе Богу. Жылі яны з Іванам Васільевічам, працавітым, уважлівым чалавекам, які не піў, ніколі дрэнным словам не параніў, як заўважае жанчына, “рука ў руку” — дом купілі ў Лукаве і перавезлі яго ў Старое Забалацце, усё як трэба ў ім абуладкавалі, траіх дачок выгадавалі, гаспадарку заўжды вялікую трымалі. Але падкралася страшная хвароба, якая забрала жыццё гаспадара. Вось ужо 15 гадоў Ганна Карнілаўна – удава.
— Засталася я адна. Са мною цяпер толькі яго фатаграфіі і добрыя ўспаміны, — з сумам заўважае мая субяседніца і яшчэ доўга расказвае пра самыя лепшыя, незабыўныя моманты жыцця.
У вёсцы Старое Забалацце сям’ю Гаркаўчукоў заўжды паважалі. Бо і Ганну, і Івана ведалі, як людзей руплівых. Ён быў заслужаным механізатарам, яна шмат гадоў працавала даяркаю.
— У тры гадзіны ночы ўставаць даводзілася і ісці на дойку, удзень, каб падаіць, на пашу дабіраліся, увечары зноў тая ж работа. І ўсё трэба было рукамі зрабіць. Потым, калі апараты з’явіліся, крыху лягчэй стала, — успамінае працоўныя будні Ганна Карнілаўна.
Калі ў гаспадарцы з’явіўся агрэгат вітаміннай мукі, жанчыну паставілі загадчыцай. Участак, дзе траву перапрацоўвалі на травяную муку, таксама быў адказны. На ім працавала Ганна Карнілаўна сем гадоў. А потым яе папрасілі пайсці на ферму лабарантам. Тут і прарабіла жанчына да пенсіі. Затрымалася б, напэўна, і даўжэй, але муж захварэў, давялося ўсё пакінуць.
Калі Ганна Карнілаўна засталася ў доме адна, спачатку не магла знайсці сабе месца. Тая цішыня, якая была і раней уласціва вёсцы, здавалася невыноснай. Але чалавек да ўсяго прывыкае. Змірылася з адзінокім жыццём і Ганна Карнілаўна. Па выхадных да яе дочкі з сем’ямі прыязджаюць, тады душа радуецца.
— Яны ўсё клічуць мяне да сябе, хочуць у горад забраць. Але ж не адарвацца мне ад маёй вёскі, тут я дома, у сваёй хаце, таму, пакуль сілы ёсць, нікуды не паеду, — упэўнена заўважае Ганна Карнілаўна.
Не пахіснула яе ўпэўненасць і даволі не жартоўная гісторыя, якая здарылася некалькі гадоў назад. У адну з летніх начэй разгулялася навальніца, і маланка ўдарыла ў яе хлеў. Ён згарэў вельмі хутка. Дзеці з новай сілай пачалі прасіць маці паехаць з вёскі. Але яна так і не згадзілася. Звярнулася ў мясцовую гаспадарку, дзе і зараз яшчэ памятаюць і яе, і мужа. Ганне Карнілаўне не адмовілі, выдзелілі будаўнічы матэрыял. Цяпер у яе новы хлеў. Між іншым, у дбалай гаспадыні даволі немалая гаспадарка. Ёсць парася, дзве казы, куры, гусі, качкі. Адным словам, клопату хапае. Але, як у вёсцы без работы? Без спраў сялянскіх, як смяецца Ганна Карнілаўна, сумна будзе.
Летась у кастрычніку адзначыла Ганна Карнілаўна свой 70-гадовы юбілей. Гасцей у доме было шмат. Прыехалі дзеці і ўнукі (іх у бабулі шасцёра), прыйшлі сёстры Марыя і Настасся, якія таксама жывуць у Старым Забалацці. Свята атрымалася добрым, душэўным. Увогуле Ганна Карнілаўна лічыць: ёй вельмі пашанцавала, што яна і дзве яе сястры засталіся жыць у адной вёсцы. Калі радасць якая ці бяда – яны заўжды разам.
Паўтары гадзіны размовы праляцелі непрыкметна. Ганна Карнілаўна распавядала пра жыццё ў вёсцы, пра сваіх аднавяскоўцаў, з якімі сустракаецца часта, бо каля яе хаты тры разы на тыдзень спыняецца аўталаўка і заўжды збіраюцца людзі. Часам успаміны рабілі яе твар сур’ёзным, потым на вусны зноў набягала шчырая ўсмешка. Але за ўвесь час размовы жанчына ні разу не паскардзілася на свой лёс. Вядома, яна, як і іншыя вяскоўцы, сумуе па мінуламу, сэрца яе шчыміць, што вёсачка, якая аднавілася пасля таго, як фашысты бязлітасна спалілі яе, цяпер вымірае, што многае ўжо ў мінулым, і дом, іх сямейнае гняздо, дзе некалі было шумна і весела, апусцеў. Але ж Ганна Карнілаўна ў душы аптымістка і ўмее радавацца кожнай дробязі. Вось па вясне ля яе хаты бусел, не здрадзіўшы родным мясцінам, зноў звіў сваю буслянку, цяпер у ёй ужо бусляняты. Як не парадавацца?
— Выйду ўвечары на вуліцу, а буслы клякочуць, размаўляюць са мною. Ці ж будзеш адчуваць сябе адзінокай?..
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Ганна Гаркаўчук.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 28.06.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.farkopi.com/bagajniki/kreplenie_dla_velosepeda

http://thailand-option.com

www.thailand-option.com/20-iqoption/