Без віны вінаватыя

…У 1942 годзе па Олтушы пайшлі чуткі, што ў навакольных лясах ствараюцца партызанскія атрады, а непадалёк ад Велікарыты партызаны нават напалі на немцаў. Захопнікі і іх прыслужнікі – паліцаі, а такіх з бліжніх вёсак назбіралася да 20 чалавек, захваляваліся, пачалі страчваць упэўненасць. Таму ўсе паліцаі з Радзежа, Навалесся, Багуслаўкі і іншых вёсак пераехалі ў Олтуш, тут яны адчувалі сябе ў небяспецы: больш немцаў, бліжэй да Маларыты, шаша, добрая сувязь. А калі патрэбна было ў насельніцтва браць жывёлу для нямецкай арміі, яны ехалі туды вялікай колькасцю: усе паліцаі і немцаў чалавек 20.
У вёску часта прыязджала машына з гучнагаварыцелем. На рускай мове насельніцтва папярэджвалі, што калі хто-небудзь дасць прытулак хоць аднаму партызану ці дасць ім прадукты, будзе расстраляны разам з сям’ёй.
27 чэрвеня 1942 года быў для олтушцаў самым страшным днём ваеннага часу – расстрэльвалі актывістаў і іх сем’і. У вёсцы былі расстраляны 11 чалавек: Іосіф Кашэпа і яго маці Аксенія Кашэпа, Фёдар Кашэпа і яго маці Праскоўя Кашэпа, Дзям’ян Наўрось і яго жонка Дамініна Пішчык, а таксама двухгадовая дачка Маруська і пляменніца Фядосся Наўрось, Рыгор Сымонік і яго бацька Васіль Сымонік, а таксама маці Мелання Сымонік. У спісе тых, каго павінны былі расстраляць, знаходзіліся таксама Іван Гарашук, Дзям’ян Кашэпа, Ніна Мошчык, Павел Аляшчук і Дзмітрый Мошчык. Але калі гестапаўцы прыехалі ў Олтуш, усіх гэтых людзей дома не аказалася. Забралі на расстрэл жонак Паўла Аляшчука і Дзмітрыя Мошчыка Кацярыну і Вольгу, але адпусцілі. Без “вінаватага” членаў яго сям’і не расстрэльвалі. Як затым стала зразумела, карнікі баяліся з’яўлення новых партызан, так і казалі: “Будзе партызан”. Немцы разумелі, што чалавек, у якога расстраляюць сям’ю, без ваганняў пойдзе ў рады народных мсціўцаў. Гестапаўцы бралі на расстрэл жонак з адной мэтай – паказаць ім “вялікія перавагі”, прыгразіць, налякаць, маўляў, гэта будзе з імі і з усімі іншымі, хто стане дапамагаць партызанам і падтрымліваць іх.
Гестапаўцы прыехалі ў вёску ў другой палове дня, каля 17 гадзін. Быў самы гарачы час, таму ніхто дома не сядзеў. Мужчыны амаль усе былі на сенакосе, жанчыны займаліся праполкай агародаў. Тое, што атрад карнікаў прыбыў у вёску менавіта ў такі час, і выратавала астатніх 5 актывістаў і членаў іх сямей ад расстрэлу.
Любоў Піліпаўна Харык, родная сястра і дачка расстраляных Іосіфа Кашэпы і яго маці Аксенні Трафімаўны, расказвала, што ў той дзень яна занесла да маці дваіх сваіх дзяцей – 2-гадовага сына Ваню і 9-месячную дачку Фроську, а сама пайшла на агарод. Мужчыны, бацька і муж Любы, былі на сенакосе. Незадоўга перад прыездам гестапаўцаў Люба прыйшла з поля да маці, каб пакарміць Фроську. Насупраць іх жыла сям’я Дзям’яна Наўрося. Люба карміла дзіця, перагаворвалася з маці, і раптам яны пачулі страшны крык на вуліцы. Падышлі да акна. Два гестапаўцы цягнулі нямую Фядоссю, пляменніцу Дзям’яна, яна супраціўлялася, моцна плакала, гестапаўцы білі Фядоссю прыкладамі аўтаматаў. Маці Любы і кажа: “Ой, Любачка, гэта будуць расстрэльваць. Бяжы, бяжы хутчэй да мужчын, папярэдзь, каб ніхто не вяртаўся дамоў”. А пра тое, што гестапаўцы могуць расстраляць саму маці, ніхто нават і не падумаў. Не памятаючы сябе, Люба пабегла праз гару хутчэй да сваіх, каб папярэдзіць іх аб небяспецы. Маці засталася з дзецьмі дома. Але раптам Любу спыніў свіст. Да яе падышлі два гестапаўцы і паліцай. Далей, на полі, стаялі яшчэ два гестапаўцы. Любе загадалі вяртацца назад. Паліцай растлумачыў, што з вёскі загадана нікога не выпускаць. Люба не паспела дайсці да хаты сваёй маці, як убачыла, што ёй насустрач ідзе незнаёмая жанчына і нясе на руках Фроську. Аддаўшы дзіця, жанчына сказала, што маці Любы ўжо няма ў жывых. Незнаёмка была родам з вёскі Арэхава. Тады пешшу яна ішла з Маларыты, праходзіла ля дома, куды гестапаўцы прыводзілі прыгавораных да расстрэлу. У той момант, калі гітлераўцы высвятлялі, чыё дзіця на руках у маці Любы, незнаёмка якраз праходзіла ля іх дома. Прозвішча Фроські было Харык, таму гестапаўцы яе не чапалі, забралі ад бабулі, аддалі малую гэтай незнаёмай жанчыне. А малы Ванька, калі ў хаце з’явіліся немцы, спаў у куточку ля печкі. Яго так ніхто і не прыкмеціў. Дзіця спала і тады, калі яго маці, поўная гора і слёз, прыйшла за ім у пустую бацькоўскую хату.
Сведка расстрэлу, родная сястра і дачка расстраляных Іосіфа і яго маці Аксенні Трафімаўны Вольга Піліпаўна Мошчык (засталася ў жывых толькі таму, што яе мужа Дзмітрыя Мошчыка гестапаўцы ў той дзень не знайшлі, яго не было дома – рэдакцыя) расказвала, што яна была на агародзе, палола градкі. У гэты час і прывёў паліцай з в. Ланская да яе двух гестапаўцаў. У яе тады замерла ўсё ўнутры, калі паліцай, паказваючы на Вольгу, сказаў гестапаўцам: “Вось яна!”. Адзін немец размаўляў па-польску. Паклікаўшы Вольгу, спытаў: “Дзе пан?” Вольга адказала, што ён сена косіць. Немец удакладніў, дзе канкрэтна косіць. Жанчына адказала, што не ведае. Тады карнікі загадалі, каб Вольга ішла разам з імі. Яна была на восьмым месяцы цяжарнасці першым дзіцём. Побач з ёю ішоў паліцай, ззаду – гестапавец.
— І навошта вы іх прывялі? — звяртаючыся да паліцая, сказала Вольга. – Яны ж мяне расстраляюць.
— Суседка Макрыня сказала, што ты на агародзе, — адказаў паліцай.
— А хіба яны ведаюць, дзе мой агарод? Вы б завялі іх у іншае месца.
— Калі хто дакажа, мне куля ў лоб, — адказаў паліцай.
Вольгу павялі да агульнага месца збору. А гэта быў двор Івана Кашэпы, які знаходзіўся праз дарогу насупраць паліцэйскага ўпраўлення. Калі Вольгу прывялі, усе былі ўжо ў двары, акрамя Сымонікаў. Іх прывялі апошнімі. Маці Вольгі нічога не гаварыла, сядзела моўчкі, нізка апусціўшы галаву. А другая пажылая жанчына, Праскоўя Кашэпа, прасіла ў немцаў адпусціць яе дахаты. Усё хацела ўзяць хлеба і абуцца. Яна думала, што іх некуды павязуць.
— Параска, а навошта табе хлеб, абутак? — гаварыла ёй маці Вольгі. – Нас жа расстраляюць.
Жонка Дзям’яна Наўрося плакала, але больш за ўсё разрываў душу плач іх двухгадовай Маруські. Дзяўчынка, не перастаючы, увесь час гаварыла: “Мамка! Пайшлі дахаты, я вадзіцы хачу”. Гестапавец злітаваўся, пастукаў у акно дома, пад якім сядзелі асуджаныя на смерць, і папрасіў вады. Гаспадыня Хартына напаіла дзяўчынку вадой.
А вось прывялі і Сымоні­каў: Грышу – камсамольца, і яго бацькоў. Тады быў дадзены загад усім падняцца, і тут жа, ля сцяны, усіх выстраілі. Падрыхтоўку да расстрэлу і расстрэл праводзілі два немцы, адзін з іх гаварыў на польскай мове. Ён падыходзіў да кожнага з запісной кніжкай і ўдакладняў прозвішчы і імёны. Жонка Дзям’яна Наўрося ў шлюбе са сваім мужам не зарэгістравана, таму яна назвалася Дамінінай Пішчык. Яе адпусцілі дахаты. Але жанчына сказала, што калі мужу наканавана загінуць, дык і яна з ім застанецца. Пасля ўдакладнення прозвішчаў і імён усіх раздзялілі на дзве групы.
Сярод сведкаў расстрэлу былі яшчэ два жыхары вёскі, паліцаі. Звяртаючыся да іх, адзін з гестапаўцаў на рускай мове сказаў: “Цяпер мы на вашых вачах зробім вялікае мастацтва. Зразумела?” Тыя адказалі, што не.
— Як зробім, тады зразумееце! – дадаў гестапавец.
Затым усіх пагналі сцяжынкай непадалёк ад шашы ў бок возера. Камсамольцы Іосіф, Фёдар і Грыша ішлі першымі іншай сцежкай, на хаду іх і расстралялі. У двары дома Кашэпы ўсе спыніліся. Расстрэльвалі двое, тыя, што ля дома ўдакладнялі спісы. Расстрэльвалі так: адзін гестапавец зноў звяраў усіх па спісе, затым выпіхваў уперад, другі – страляў. Выпхнулі Дзям’яна з Маруськай. Яе першую на руках у бацькі і застрэлілі. Вольга Мошчык памятае, як моцна з малой лілася кроў, затым упаў Дзям’ян. У нямую Фядоссю стралялі тры разы. Пасля першага выстралу дзяўчынка ўпала, але была яшчэ жывой. Гестапавец выстраліў другі раз, але Фядосся ўсё роўна дыхала, а трэці выстрал карнік зрабіў у сэрца… Пажылых жанчын Аксенню і Праскоўю расстралялі апошнімі.
…У 1965 годзе ў Олтушы на магіле ахвяр фашызму быў устаноўлены помнік.
* * *
Сярод удзельнікаў вызвалення Беларусі, якія змагаліся з акупантамі на вядомых і невядомых рубяжах, былі і воіны-олтушцы. Сярод іх Спірыдон Іванавіч Абрамчук, партызан атрада імя Жукава; Парамон Андрэевіч Кацёл, партызан атрада імя Жукава; Мікалай Пятровіч Наўрось, сувязны партызанскага атрада імя Варашылава брыгады імя Леніна; Аляксандр Архіпавіч Алесік, партызан атрада імя Жукава.
Падрыхтавала Галіна ШАХРАЙ, бібліятэкар Олтушскай бібліятэкі.

Опубликовано в «ГЧ» 2.07.2014 г.

Добавить комментарий


www.farm-pump-ua.com

https://oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!