Каб спраўна працаваў ваш «маторчык»

Колькі чалавек памерла летась ад хвароб сістэмы крова­звароту, што звычайна ляжыць у аснове гэтых хвароб, пра якія фактары рызыкі і меры прафілактыкі трэба памятаць – адказы на гэтыя і іншыя пытанні хацелі пачуць тыя, хто тэлефанаваў на “прамую лінію”, якая была арганізавана ў рэдакцыі райгазеты з урачом-кардыёлагам райбальніцы Аксанай ЛЕАНОВІЧ.
Вольга Трафімаўна, пенсія­нерка, інвалід ІІІ групы:
— З-за якіх хвароб памерла ў раёне найбольш людзей летась? Якога яны ўзросту?
Аксана Леановіч:
— З усіх памерлых за мінулы год 55% памерлі ад хвароб сістэмы кровазвароту. 11% з іх былі праца­здольнага ўзросту.
В. Т.:
— Як Вы, доктар, лічыце, што найчасцей правакуе хваробы сістэмы кровазвароту?
А. Л.:
— Прывяду ўсяго толькі адзін факт. 11% памерлых злоўжывалі спіртным. Значыць,  найчасцей хваробы сістэмы кровазвароту правакуе алкаголь, празмернае яго ўжыванне. Сваю адмоўную ролю тут адыгрываюць і лішняя вага, нездаровае харчаванне, недастатковае лячэнне  пацыента.
В. Т.:
А самыя распаўсюджаныя хваробы сістэмы кровазвароту?
А. Л.:
— Артэрыяльная гіпер­тэнзія, ці гіпертанія. Дарэчы, кожны пяты жыхар раёна самых розных узростаў пакутуе менавіта ад гэтай хваробы. На другім месцы ішэмічная хвароба сэрца і на трэцім – захворванні сасудаў галаўнога мозга.
Ірына Касцевіч:
— Што сёння кардыёлагі лічаць фактарамі ры­зыкі для ўзнікнення хвароб сістэмы кровазвароту?
А. Л.:
— У мужчын, якім больш за 55 гадоў, і ў жанчын, якім больш за 65 гадоў,  такімі фактарамі могуць быць: курэнне, узровень халестэрыну вышэй чым 5,0 мілімоля на 1 літр, атлусценне, маларухомы лад жыцця, узровень глюкозы ў крыві больш чым 6,0 мілімоля на 1 літр. Таму трэба пастаянна сачыць за ўсімі гэтымі фактарамі.
І. К.:
— А генетычная схільнасць?
А. Л.:
— Ужо даказана, што генетыцы належыць толькі 20% верагоднасці для развіцця таго ці іншага захворвання, а 50% — ладу жыцця.
І. К.:
— Якіх мер прафілактыкі Вы як спецыяліст раіце прытрым­лівацца?
А. Л.:
— Па-першае, змяніць лад жыцця: адмовіцца ад курэння і алкаголю, бо ў тых, хто курыць, рызыка развіцця хвароб сістэмы кровазвароту значна вышэйшая ў параўнанні з тымі,  хто не курыць,  а ўжыванне моцных спіртных напояў выклікае прагрэсіраванне сардэчна-сасудзістых захворванняў, піва – склероз прастаты і імпа­тэнцыю. А вось чырвоныя марачныя віны, наадварот, тармозяць развіццё сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Па-другое, трэба нармалізаваць масу цела. Па-трэцяе, рацыянальна харчавацца, гэта значыць, штодзённа ўжываць садавіну і гародніну, малочныя прадукты з паменшаным утрыманнем тлушчу, аддаваць перавагу таксама мясу птушкі, цяляціне, рыбе (белай любой), хлебу жытняму, кашам, вотруб’ю. Не рэкамендуецца ўжываць тлустае мяса, сала, паштэты, вяршкі, смятану, торты, шакалад, сметанковае масла.
Вельмі карыснай з’яўляецца магніевая дыета – ужыванне фасолі, соі, зялёнага гарошку, разынак, фінікаў, курагі, аўсянай і грэцкай каш, арэхаў.
Неабходна таксама адмовіцца і ад вельмі салёных страў і прадуктаў, якія ўтрымліваюць шмат солі,  — вэнджаніны, салёных агуркоў, селядцоў.
Не бойцеся фізічных нагрузак, праўда, яны павінны быць у меру, а не празмернымі.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: урач-кардыёлаг ЦРБ Аксана ЛЕАНОВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.chemtest.com.ua/

www.steroid-pharm.com

www.maxformer.com