Свята памяці і гонару

Свята Незалежнасці, якое адзначаецца ў дзень вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сёлета, калі святкуецца 70-я гадавіна з таго часу, як на беларускую зямлю прыйшло вызваленне, асаблівае. Гэта дзень памяці аб мінулым і гонару за сваю краіну. За незалежнасць самааддана змагаліся нашы продкі, і яе завяшчалі берагчы нам, будучым пакаленням.
Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на Маларытчыне пачаліся яшчэ напярэдадні Дня Незалежнасці. 2 ліпеня прадстаўнікі ўлады, грамадскасці, працоўных калектываў усклалі вянкі і кветкі да помнікаў горада. А ранак 3 ліпеня пачаўся спартыўным святам. У сценах цэнтра “Жамчужына” разгарнуліся гарачыя спартыўныя баталіі: адкрыты чэмпіянат па тэнісу, у якім прынялі ўдзел тэнісісты з Кобрына, Брэста і Маларыты, і традыцыйная спартакіяда сярод работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый горада. Спа­борніцтвы, у якіх прынялі ўдзел 6 каманд, адкрыў Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама. Вітаючы ўдзельнікаў спартакіяды, ён падкрэсліў, што традыцыйнае спартыўнае свята, якое праводзіцца штогод у Дзень Незалежнасці, зноў і зноў пацвярджае: беларусы – нацыя, якая думае пра сваю будучыню, а таму шмат увагі надае фізічнай культуры і ўмацаванню здароўя.
На працягу амаль трох гадзін камунальнікі, будаўнікі, работнікі лесу, прамыслоўцы, прадстаўнікі гандлю змагаліся за перамогу ў сямі відах спорту: настольным тэнісе, кідках у баскетбольнае кальцо, дартсе, скачках у даўжыню, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, гонках на катамаранах і эстафеце па плаванню. Азарт гульні захапіў гледачоў, асабліва ў такім відовішчным спартыўным спаборніцтве, як гонкі на катамаранах, дзе трэба было праявіць не толькі сілу і вытрымку, але і ўменне трымаць правільны курс. Пасля выпрабаванняў на трапнасць і спрытнасць каманды парадавалі балельшчыкаў артыстычнымі талентамі. А суддзі тым часам падвялі вынікі спартакіяды. Пераходны Кубак і Дыплом пераможцы заваявала каманда прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, другое месца занялі будаўнікі з ПМК-20, трэцяе — каманда прадпрыемства меліярацыйных сістэм. У асабістым заліку ў дартсе вызначыліся Алена Алесік з ПМК-20 і Васіль Аксянюк з ПМС, у кідках у баскетбольнае кальцо – Таццяна Алесяюк з КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” і Андрэй Крэнь з ПМК-20, у тэнісе – Наталля Алесік з райспажыўтаварыства і Андрэй Мантураў з КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, у скачках у даўжыню – Таццяна Ківачук з ПМС і Віталь Багута з КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”.
Толькі сціхла гарачыня пачуццяў у спартыўным цэнтры, як новыя баталіі разгарнуліся на футбольным полі. У 15 гадзін цэнтрам святочных мерапрыемстваў стаў гарадскі стадыён. Тут матч чэмпіянату раёна па футболу згулялі каманды “Камунальнік” і СУП “Савушкіна”. Добрую гульню, заваяваўшы перамогу і на футбольным полі, паказала каманда прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Вечарам свята працягвалася ў гарадскім парку. Тут для маларытчан быў арганізаваны гандаль, маленькіх жыхароў горада радавалі атракцыёны. На адкрытай канцэртнай пляцоўцы тон святу задавалі вядучыя Ксенія Табачкоўская і Юрый Лішуга. Вялікую канцэртную праграму прадставілі лепшыя калектывы раёна – народны хор ветэранаў, народныя ансамблі “Чарняначка” і “Рыцкі куфэрак”, вакальны ансамбль “Акалада”, салісты эстраднай студыі “Забава”Анастасія Лашак, Аляксей Барысюк, а таксама маларыцкія зоркі сцэны Дзмітрый Свішчоў, Вік­торыя Ляўчук, Зоя Аўдзяюк, Ксенія Табачкоўская і Аляк­сей Пішчык. Уразілі гле­дачоў цікавыя пластычныя кампазіцыі і паказальныя выступленні юных баксёраў.
Па традыцыі завяршылі ўрачыстую частку акцыя “Спяем гімн разам” і святочны салют. А далей усіх чакала дыскатэка пад адкрытым небам.
Святлана МАКСІМУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 5.07.2014 г.

Добавить комментарий


al fakher купить

www.cl24.com.ua/ctcat_id/5.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!