На духоўнай перадавой

Сустрэлася з Верай Мішчук і ўспомніла: мы з ёй ужо ведаем адна адну. А пазнаёміў выпадак. Тады, 4 гады назад, мая мама, цяпер ужо нябожчыца, лячылася ў тэрапеўтычным аддзяленні райбальніцы. Пасля адной са складаных аперацый у мамы раптоўна пагоршыўся зрок, таму сама яна не магла справіцца з многімі бытавымі пытаннямі. Нават паесці. У бальніцы амаль пастаянна з ёю нехта быў. У той дзень мне тэрмінова трэба было ехаць у Брэст па асабістых пытаннях, і я расхвалявалася, што мама застанецца адна. Вера Мішчук, а яна тады працавала санітаркай у тэрапеўтычным аддзяленні райбальніцы, супакоіла:
— Не перажывайце, — гаварыла жанчына, — мама не адна. Мы, санітаркі, на тое ж тут і працуем, каб дапамагаць такім вось нямоглым. І праўда, у той дзень нічога надзвычайнага не здарылася. А калі я прыйшла да мамы ў палату вечарам, яна мне расказвала, што санітарка Вера яе і накарміла, і прыбрала, і ўмыла, і валасы прычасала, і шчыра пагаварыла.
— Дай Бог здароўя гэтай жанчынцы, — казала мама, — яна такая добрая, чулая і клапатлівая.
Я ўпэўнена, што падобныя словы Веры Мішчук даводзілася чуць не раз. Бо кожнае яе дзяжурства ў бальніцы (а 11 год яна адпрацавала ў Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай дапамогі і 6 – у Маларыцкай раённай) было не проста дзяжурствам. Ідучы на работу, Вера добра ведала, што ў кожнай палаце яе чакаюць хворыя людзі, нярэдка бывала, і цяжка­хворыя. А што ім найбольш патрэбна? Маральныя лекі, адпаведны догляд. На іх не скупілася Вера Мішчук, і рук не шкадавала, каб толькі іншым было добра.
— Калі мы ў школе пісалі сачыненне на тэму “Кім я хачу стаць?”, я так і напісала: “Хачу быць тэхнічкай”, — расказвала Вера Паўлаўна. — Усё жыццё ёю і працавала. І ніколі не саромелася некаму прызнацца, што на такой простай рабоце працую. Не могуць жа ўсе быць настаўнікамі, урачамі, інжынерамі, трэба ж некаму і прыбіральшчыцай быць, — гаворыць мая субяседніца. – Галоўнае, каб работа была даспадобы, каб табе хацелася на яе ісці, каб ты не адбываў там дзень да вечара, каб табою былі задаволены іншыя. А мне заўсёды хацелася нечым радаваць іншых.
Хаця ў жыцці самой маёй гераіні было мала падстаў, каб радавацца.
Малодшаму брату не было яшчэ і трох гадоў, як у выніку няшчаснага выпадку яго не стала. У 1968 годзе забралі ў Чэхаславакію бацьку – зноў перажыванні для ўсёй сям’і. Выйшла замуж, нарадзіўся першынец-сыночак. Здавалася, вось яно, жаночае і мацярынскае шчасце. Але праз пяць месяцаў яго азмрочыла смерць першынца.
Дый другая палавінка аказалася чалавекам ненадзейным, любіў выпіць, сям’ю крыўдзіў.
— Маці мне не раз казала, — прызнавалася Вера, — развядзіся з ім, што ты будзеш усё жыццё пакутаваць. Я, праўда, адзін раз асмелілася пайсці ў суд. Але тады адной нейкай паперы не хапіла, каб у мяне прынялі дакументы на скасаванне шлюбу. Сказалі прыйсці яшчэ раз, я ж падумала-падумала, і рукой махнула. Данясу, кажу сама сабе, свой крыж. Так і жылі далей разам. Бачу, што п’яны, ніколі не сварылася, за дзяцей – і да бацькоў. Маладым мой Іван памёр. Толькі жыць ды жыць.
Як чалавек веруючы, Вера Паўлаўна лічыла, што гэта Гасподзь пасылае ёй такія выпрабаванні, таму ніколі не наракала на Бога, а прымала ўсё, наканаванае ёй, пакорліва. Працавала, дзяцей гадавала, храм не забывала. І Гасподзь даваў ёй маральныя і фізічныя сілы, каб цярпліва несці свой крыж.
— Нідзе так не супакоіцца душа, і нідзе так не адпачнеш ёю, як у храме, — дзеліцца Вера Паўлаўна.
Любоў да бліжняга – і гэтай Евангельскай запаведзі Вера Мішчук стараецца заўсёды прытрымлівацца.
— Усе людзі не могуць быць аднолькавымі, — гаворыць яна. – У кожнага свой характар, кожнага па-свойму выхоўвалі, але я аднолькава люблю ўсіх. Калі працавала ў бальніцы, усякага наглядзелася і з усякімі людзьмі даводзілася сустракацца. Мне ўсіх, хто аказаўся ў бядзе, было шкада. А асабліва тых, хто па характару свайму маўклівы. Такім жа цяжка ўдвая, бо не могуць выказаць свой душэўны боль.
Многія пацыенты, хто запомніў санітарку Веру, як добрага і чулага чалавека, і сёння, калі аказваюцца ў бальніцы, пытаюцца, ці працуе яна, прывітанне перадаюць. А былыя калегі рэгулярна тэлефануюць.
— Мая брэсцкая напарніца Таня Максімук, з якой некалі працавалі ў Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай дапамогі, — расказвае Вера Паўлаўна, — мне, як родны чалавек. Ні дня не прапусціць, каб не патэлефанаваць, каб не пацікавіцца здароўем і маім, і дзяцей, і бацькоў. Сама яна брэстаўчанка, агарода не мае, таму я з задавальненнем калі-нікалі вязу ёй нешта сваё, вырашчанае на ўчастку. Хочацца ж чалавека парадаваць.
Здавалася б, усё ў жыцці наладзілася, цяжкасці ўсе перажыты. Дзеці, вунь, не заўважыла, як дарослымі сталі. Сваімі дарогамі пайшлі, спецыяльнасці сабе абралі. Сын Леанід, да прыкладу, з вёскі нікуды не захацеў ехаць. Застаўся ў гаспадарцы. Тым больш, што яго ахвотна ўзялі працаваць механізатарам, добра ведаючы – трактар для гэтага вясковага хлопца тое ж, што любімая цацка для малога дзіцяці. А даглядае яго так, як маці дзіця. І зямлю любіць, і працаваць на ёй. Нездарма і ў перадавіках. Ды і пару добрую Леаніду Бог судзіў. Разам да толку даводзілі хату, што засталася Галіне ад яе бацькоў. І ў хату ўсё сваімі рукамі нажывалі, дзетак траіх гадуюць. І добрая Галіна як нявестка, Веру маці называе, ніколі з хаты не выпусціць, каб не пакарміць. І ўнучкі здаровенькія растуць.
Але Гасподзь паслаў Веры новыя выпрабаванні. Дзевяць год таму назад інвалідам І групы па зроку стаў бацька, а пазалетась цяжкая хвароба прыкавала да ложка і маці. Веры давялося кінуць работу, каб даглядаць за інвалідамі-бацькамі. Праўда, сястра старэйшая дапамагае, але Вера перажывае і за яе, бо перанесла інсульт. А што такое нямоглыя хворыя бацькі, добра ведае той, хто лічыў сваім святым абавязкам даглядаць іх. Да маральных пакут з-за таго, што ты нічым не можаш дапамагчы самым блізкім табе людзям, да нясцерпнага душэўнага болю за іх дабаўляецца вялікая фізічная нагрузка: з лыжачкі накарміць, напаіць, памыць, апрацаваць цела, каб засцерагчы ад пролежняў. Гэта толькі частка тых абавязкаў, што ўскладваюцца на чалавека, які даглядае нямоглых. А нагатаваць стравы, бялізну памыць, а выслухаць усё, што на душы ў кожнага, зноў жа маральна падтрымаць, суцешыць, прыгалубіць. Як жа без гэтага, калі побач з табой самыя дарагія і блізкія людзі! Як жа інакш, калі сэрца тваё перапоўнена любоўю да іх!
— Аб адным толькі Бога прашу, — гаворыць Вера Паўлаўна, — каб даваў мне цярпенне і здароўе.
У пяць гадзін раніцы Вера Мішчук ужо звычайна на нагах. Дзень распісаны па хвілінах. Спачатку дагледзіць бацькоў, выкраіцца вольны час, трэба і агарод прапалоць, і ў магазін схадзіць, і ў аптэку ў райцэнтр з’ездзіць. А яшчэ – сям’ю сына праведаць альбо былых калег, папрацаваць на карысць царквы. Словам, дома яе не застаць. Яна ўся і заўсёды ў клопатах. Такі лад жыцця дыктуе яе добрая і шчырая душа.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Мельнікі.
НА ЗДЫМКУ: Вера Паўлаўна Мішчук разам з унучкай Машачкай.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 5.07.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!