Лепшы лекар для душы – песня

Вось і прыйшоў ён, той час, калі дзеці ўжо дарослыя ды ўнукі самастойныя, не трэба бабуліна штодзённая дапамога. Ды і са справай жыцця, якая займала ўвесь час, давялося развітацца, бо даўно пастукаўся ў дзверы пенсійны ўзрост. Да ўсяго яшчэ лёс прыгаварыў да ўдовінай адзіноты. Дзе знайсці аддушыну, занятак, які б радаваў, натхняў, займаў час і дарыў адчуванне патрэбнасці? Для маларытчанкі Вольгі Аляксандраўны Макарук “палачкай-выручалачкай”, якая вярнула да яркага, поўнага падзей жыцця, стаў хор ветэранаў пры гарадскім Доме культуры з яго бяззменным кіраўніком Галінай Паўлаўнай Бягеза.
Спяваць любіла Вольга з дзяцінства. Ёй заўжды падабаліся мілагучныя, душэўныя песні, такія, як некалі, у яе маленстве, спявала доўгімі асеннімі вечарамі за калаўротам яе матуля. Па сваім жыцці Вольга Аляксандраўна, якой перадаўся ў спадчыну нядрэнны голас, заўсёды ішла з песняй. Спачатку студэнткай педінстытута выходзіла на сцэну. Потым, калі па размеркаванні прыехала працаваць у Хаціслаўскую васьмігодку, заўжды ўдзельнічала ў канцэртах, што праводзіліся ў школе і сельскім Доме культуры. Сваю настаўніцкую працу пачынала Вольга Аляксандраўна выкладчыцай матэматыкі. У той час рэдка ў каго была вышэйшая адукацыя, а таму хутка прапанавалі маладой настаўніцы стаць дырэктарам школы. У Хаціславе выйшла дзяўчына замуж. Маладая сям’я пераехала жыць у Маларыту, а Вольга Аляксандраўна ўладкавалася працаваць завучам у Замшанскую школу, дзе і працавала, пакуль не пайшла на заслужаны адпачынак. Яе педагагічны стаж налічвае 38 гадоў. І ўсе гэтыя гады для Вольгі Аляксандраўны былі не проста школьнымі буднямі, а творчымі, запамінальнымі, яскравымі. Калектывы навучальных устаноў, дзе працавала яна, актыўна ўдзельнічалі ў культурным жыцці вёскі, раёна. Сама Вольга Аляксандраўна з задавальненнем выступала на сцэне, прычым не толькі спявала, але і з запалам чытала байкі.
Увогуле гумар, як адзначае жанчына, гэта таксама спадчынны скарб. Яе бацька быў заўзятым жартаўніком. Вось і ёй перадалося ўменне любую сітуацыю перавесці ў гумар. А такіх сітуацый у жыцці бывае нямала. Часам нехта скажа нешта нядобрае, у паветры навісне канфлікт, а падобнае ў калектыве, як вядома, да добрага не прыводзіць, вось тут і знаходзіць Вольга Аляксандраўна патрэбнае слоўца, нейкі радок з байкі ўспомніць, усё ў жарт перавядзе. Людзі засмяюцца і раптам забудуць, “адкуль вецер дзьмуў”. Таму гумар – гэта своеасаблівая жыццёвая мудрасць Вольгі Аляксандраўны. За гэтую мудрасць, а яшчэ за ўраўнаважаны характар, уменне знайсці падыход да любога чалавека, стварыць дружалюбную, вясёлую атмасферу і паважаюць яе ў калектыве хору.
Дарэчы, у хор ветэранаў прыйшла жанчына амаль дзесяць гадоў назад. Пра творчы калектыў яна добра ведала, калі яшчэ працавала ў школе. І, як прызнаецца, крыху зайздросціла тым, хто выступаў у яго складзе. Ёй здавалася, што хор – гэта згуртаваны ўжо калектыў, у якім новыя людзі будуць лішнімі. Таму сама і не праяўляла ініцыятыву. Аднойчы сяброўка, якая спявала ў хоры, усё ж з’агітавала яе наведаць рэпетыцыю. Пабыла, па­слухала, пераканалася ў тым, што тут навічкам рады, і з таго часу сама стала ўдзельніцай хору. З калектывам, які ўжо сем разоў пацвярджаў званне народнага, Вольга Аляксандраўна ўдзельнічала ў розных канцэртах і конкурсах, у яе песенным сшытку больш за 100 твораў, якія ў розны час выконваў хор на сцэне. Вось і зусім нядаўна калектыў прымаў удзел у абласным туры рэспубліканскага фестывалю творчасці ветэранаў “Не старэюць душой ветэраны” і атрымаў грамату. Чарговы поспех быў радасцю для ўсіх удзельнікаў хору.
— Для мяне хор, можна сказаць, гэта другая сям’я, — дзеліцца Вольга Аляксандраўна. – Бо калі ты застаешся дома адзін, пачынаеш па-іншаму цаніць зносіны з людзьмі.
Не, Вольга Аляксандраўна не скардзіцца на лёс, які падарыў ёй дваіх дзяцей, чацвярых унукаў. Дачка з сям’ёй, праўда, жыве не блізка, у Жодзіна, а сын — у Маларыце. Вольга Аляксандраўна, дзякуючы сваёй добразычлівасці і жыццёвай мудрасці змагла наладзіць добрыя адносіны з нявесткай. Але ў дзяцей, разумее яна, сваё жыццё, свае клопаты, таму не крыўдуе, што больш часу даводзіцца быць адной. І рэпетыцыі хору, якія праводзяцца два разы ў тыдзень, для яе сапраўды ў радасць. У калектыве хору даўно склаліся свае традыцыі. Многія з іх – ініцыятыва Вольгі Аляксандраўны. Яна ніколі не забудзе павіншаваць калег са святам, падрыхтуе нешта сваё, асаблівае, тое, што будзе шчырым і абавязкова парадуе. Між іншым, удзельнікі хору ў сваім калектыве, як у дружнай вялікай сям’і, разам святкуюць усе юбілеі. Вось нядаўна і Вольгу Аляксандраўну віншавалі з яе 70-годдзем. Пачуць віншаванні не толькі ад родных лю­дзей, але і ад тых, хто за многія гады стаў блізкім па духу, жанчыне было вельмі прыемна. Абавязкова шукаць нейкае захапленне, а яшчэ лепш, прыходзіць у хор ветэранаў, дзе рады кожнаму новаму голасу, раіць яна ўсім пенсіянерам, бо добра ведае, што лепшы лекар для душы – песня.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Вольга Макарук.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 9.07.2014 г.

Добавить комментарий


https://xn----7sbajornvhu8c.com.ua

обращайтесь 13.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!