Ёсць першыя намалоты!

Уборкай насеннікаў шматгадовых траў і азімага рапсу на Маларытчыне стартавала жніво-2014
Па стану на раніцу 10 ліпеня насеннікі шматгадовых траў у раёне былі ўбраны на плошчы 252 гектары, што складае 40,6 працэнта да плана. Намалот насення склаў 99,1 тоны. У ліку першых завяршылі ўборку насеннікаў траў працаўнікі СВК “Чарняны”. Аднымі з першых мясцовыя камбайнеры прыступілі і да ўборкі азімага рапсу. Менавіта сюды мы і завіталі ў сераду з раніцы, каб адлюстраваць пачатак жніва.
Распавядаючы пра справы хлебаробскія, галоўны аграном СВК Казімір Сядлецкі зазначыў:
— Сёлета нам неабходна ўбраць на 640 гектарах збожжавыя і збожжабабовыя культуры, а таксама на 130 гектарах азімы рапс. На жніве будуць задзейнічаны 4 збожжаўборачныя камбайны. Гэтай тэхнікі цалкам дастаткова, каб правесці ўборку ў сціслыя тэрміны і без страт. Ураджай плануем атрымаць не меншы за леташні. Гатовыя да работы і дзве сушылкі – напольная італьянская і польская М-819. На сённяшні дзень на 8 гектарах рапс ужо скошаны. На круг намалочана па 18,8 цэнтнера насення. Гэта не на самых лепшых участках…
Тым часам на машынным двары рыхтаваліся да выезду ва ўрочышча «Мураўскае» два збожжаўборачныя камбайны, каб прадоўжыць уборку рапсу, якую напярэдадні тут распачаў на сваім агрэгаце Мікалай Кульжык. У гэты дзень малады хлебароб да намалочаных 10,6 тоны насення шматгадовых траў запісаў на свой рахунак яшчэ 15 тон насення рапсу.
А прыкладна праз паўта­ры гадзіны ва ўрочышча “Мураўскае” прыехалі два збожжаўборачныя камбайны. Удакладніўшы некаторыя моманты ўборкі з галоўным аграномам, камбайнеры селі ў кабіны сваіх агрэгатаў, завялі рухавікі, і грацыёзныя машыны плаўна паплылі па рапсавым палетку…
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: галоўны аграном Казімір Сядлецкі з камбайнерам Мікалаем Кульжыкам перад пачаткам работы.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 12.07.2014 г.

Добавить комментарий


http://pills24.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!