Заправіць аўтамабіль без аператара
З першага чэрвеня гэтага года ў Маларыце прымае кліентаў яшчэ адна аўтазаправачная станцыя №8 РУП «Беларуснафта-Брэстаблнафтапрадукт»: безаператарная аўтаматычная. Цяпер яна працуе ў кругласутачным рэжыме.
— Тут адначасова можа самаабслугоўвацца 2 адзінкі аўтатранспарту, — расказвае Сяргей Пракапук, майстар прадпрыемства. — У бак можна заліць АІ-92, АІ-95, дызельнае паліва «звычайнае» і дызельнае паліва маркі «Еўра». Аплаціць можна праз аўтаномны плацёжны тэрмінал па банкаўскіх картках Visa, MasterCаrd і інш., якія выдадзены ў любым банку любой краіны, і паліўных картках (чыпах).
— Сяргей Сцяпанавіч, хто ў вас запраўляецца?
— Акрамя беларусаў, ёсць прадстаўнікі з Украіны, Расіі, Польшчы. Сярод кліентаў з Маларытчыны па колькасці заправак пераважаюць аўтаўладальнікі, а па літражу – арганізацыі, прадпрыемствы, установы.
— А якая паслядоўнасць дзеяння, каб заправіцца самастойна, напрыклад, па картцы?
— Спачатку ўстаўляем пісталет у паліўны бак, затым банкаўскую картку – у плацёжны тэрмінал і па запыту яго забіраем картку; далей неабходна ўвесці нумар калонкі і націснуць “увесці”; для пацвярджэння нумара калонкі ці віду паліва націскаем “увесці”; потым трэба ўвесці аб’ём запраўкі ці суму, на якую хочам заправіцца, націскаем “ўвесці”; затым зноў націскаем “увесці” для пацвярджэння аб’ёму ці сумы; па запыту тэрмінала ўводзім пін-код; забіраем чэк для аплаты паліва; запраўляемся, вяртаем пісталет на месца. Для таго, каб надрукаваць чэк, націскаем “увесці” на экране чакання карты, уводзім нумар аперацыі, якая пазначана на чэку аплаты паліва, і націскаем “увесці”.
Між іншым, на аўтаматычнай аўтазаправачнай станцыі ўстаноўлена сістэма відэаназірання, якая пастаянна сочыць за сітуацыяй на тэрыторыі. Акрамя гэтага, тут прадугледжана месца для збору цвёрдых бытавых адходаў, тэхнічны будынак ААЗС, біятуалет.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Сяргей Пракапук, майстар.
Фота аўтара.
Опубликовано в «ГЧ» 12.07.2014 г.