Хобі з заўзятасцю

Дня рыбака, а ён звычайна адзначаецца ў другую нядзелю ліпеня, у календары, як многіх іншых свят, няма. І тым не менш, гэтае свята лічаць сваім усе, хто з маленства захапляецца рыбалкай. Адзін з такіх – мой субяседнік Анатоль Іванавіч Горнік. У час сустрэчы з ім і даведаўся аб прывабнасцях рыбалкі, яе сакрэтах і многім іншым. Аб чым канкрэтна, даведаецеся і вы, прачытаўшы інтэрв’ю.

– Анатоль Іванавіч, успомніце, калі ласка, сваю першую рыбалку?
– Вуды я ў рукі ўзяў, калі яшчэ ў школу не хадзіў. Мы з хлопцамі бегалі карасікаў лавіць. Ну і захапіўся гэтым. Потым пайшоў у армію і рыбалку закінуў. А калі ў 1999 годзе ў мяне не стала бацькі, я не ведаў, чым сябе заняць, таму што вельмі моцна перажываў. І тут хлопцы прапанавалі з’ездзіць з імі на рыбалку. А ў мяне нават вуд не было. Яны мне дапамаглі абсталяваць дзве вуды, усё як належыць. Ну і неяк паехалі мы на рыбалку. Я злавіў тады толькі аднаго маленькага карасіка, сантыметраў 10 даўжынёю. Пасля гэтага ў мяне на душы стала лягчэй, рыбалка давала магчымасць хоць на нейкі момант забыць пра гора, што здарылася ў сям’і. З таго часу на рыбалку ездзіў пастаянна.
– Што для Вас значыць рыбалка: гэта адпачынак для душы, хобі, забаўка ці нешта іншае?
– Рыбалка для мяне ўсё: і адпачынак, і хобі, і дадатковы занятак. На рыбалцы адпачываю душой. Няхай нават стамлюся фізічна, таму што часта даводзіцца пераадольваць вялікія адлегласці пешшу да месца лоўлі. Але гэтая стомленасць прыемная. Праўда, ёсць у рыбалкі і негатыўны бок: час ляціць вельмі хутка. Ты нават не заўважаеш, як гэта адбываецца.
– Анатоль Іванавіч, для Вас важна, як бярэцца рыба і які атрымаецца ўлоў?
– Для мяне, як і для любога рыбалова-аматара, гэта важна, а асабліва ўлоў. Ён як вынік маёй падрыхтоўкі да рыбалкі, а да яе я рыхтуюся звечара. Рыхтую прыкормкі, прынады, правяраю снасці. Але куды больш значнае – зносіны з прыродай. Я магу і выпусціць рыбу, і вельмі часта так раблю.
– Якія снасці Вы выкарыстоўваеце ў час рыбалкі?
– Першымі прынадамі для рыбалкі былі арэхавае вудзільна, лёска, кручок. У нас лічылася ганебным, калі ты не ходзіш з вудай лавіць. Ну а цяпер гэта ўжо добрая вуда або спінінг.
– Анатоль Іванавіч, а ці можаце Вы распавесці пра нейкі цікавы выпадак на рыбалцы?
– Ёсць у мяне сябар, які па прыезду на рыбалку пастаянна адыходзіць далей ад усіх, каб палавіць у адзіноце. А потым, калі ўсе пачынаюць яго клікаць, ён не адгукаецца. Але мы яго, самі таго не жадаючы, адвучылі ад гэтага. Аднойчы мы паехалі на рыбалку утрох, з начлегам. І ён, як заўсёды, пайшоў лавіць далей ад нас. Усё ішло добра, мы пераначавалі, раніцай прачынаемся, а яго няма. Мабільных тэлефонаў тады яшчэ не было, і дакрычацца да яго мы не можам. Вырашылі, што, можа, ён ужо сам дадому з’ехаў, таму сабралі ўсе свае снасці і адправіліся дадому. Калі прыехалі, даведаліся, што дома ён не з’яўляўся. Таму нам давялося вяртацца назад. Так мы ездзілі некалькі разоў, пакуль не знайшлі таварыша. Ён ужо і сам спалохаўся. Але затое пасля гэтага выпадку заўсёды адгукаецца, калі яго клічуць.
– А ці ёсць нейкія асаблівыя месцы, дзе Вы рыбачыце?
– Стараюся лавіць ўсюды, дзе ёсць рыба. Гэта ўсе вадаёмы раёна і меліярацыйныя каналы. Калі з сябрамі знаходзім канал, у якім ёсць добрая рыба, імкнемся нікому не казаць, таму што могуць прыехаць з электравудамі і перабіць усю рыбу.
– Як вядома, карась – самая распаўсюджаная рыба ў вадаёмах раёна. А чым яна асаблі­вая?
– Карась – непрадказальная рыба. Ён можа кляваць, а праз 15 хвілін ужо не. Змяняеш насадку, прыёмы, глыбіню, месца і — нічога. Потым можа зноў пачаць кляваць. Гэта рыба капрызная, вельмі адчувальная на змену надвор’я, ціску і нават напрамку ветру.
– Ну, а які ў Вас самы запамінальны ўлоў?
– У мінулым годзе 22 мая, у канцы майго адпачынку, злавіў карася вагой 1 кг 870 г. Да гэтага я лавіў розных, але такі вялікі трапіў упершыню. Шкадую, што не зрабіў тады фотаздымак, але ёсць сведкі, якія бачылі, як я яго ўзважваў.
* * *
Трэба адзначыць, што Маларыцкі раён цалкам можа парадаваць аматараў рыбнай лоўлі. У раёне ёсць некалькі вадаёмаў, напрыклад, азёры Олтушскае, Арэхаўскае, Дварышчанскае, Лукаўскае і шматлікія каналы, што адыходзяць ад іх. Агульная даўжыня адкрытай меліярацыйнай сеткі ў раёне — 2404 км. У вадаёмах водзяцца шчупак, окунь, краснапёрка, плотка, лінь, карась, сом, амур белы, таўсталобік, азёрны рак і інш.
Згодна з правіламі добрага тону, рыбаку нельга жадаць поспеху, таму скажу проста: «Наперад, на рыбалку!»
Павел КАНАНОВІЧ, студэнт БрДзУ імя А.С. Пушкіна.

Опубликовано в «ГЧ» 12.07.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://tokyozakka.com.ua

monaliza.kiev.ua

oncesearch.com