Якое ж свята без хлеба і песні!

Па добрай ужо традыцыі ў дзень святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла жыхары вёскі Арэхава адзначылі 468-ы дзень нараджэння сваёй маленькай радзімы і благаславілі мясцовых хлебаробаў на ўборку ўраджаю
І хоць надвор’е ў мінулую суботу было капрызнае і пераменлівае – то сонца прыпякала так, што хацелася схавацца ў цянёк, то хмаркі, якія цэлы дзень кружылі над вёскай, раптам палівалі невялікім дожджыкам і прымушалі людзей раскрываць парасоны, — яно не змагло сапсаваць свята, на якое сабраліся і старыя, і малыя. Маладыя мамы з дзецьмі, бабулі і дзядулі з унукамі, многія вяскоўцы цэлымі сем’ямі прыйшлі ў гэты дзень на цэнтральную плошчу аграгарадка, каб дружна адзначыць чарговы дзень нараджэння Арэхава, павіншаваць пераможцаў і прызёраў конкурсу на лепшы двор, залатых і сярэбраных юбіляраў, ветэранаў мясцовай гаспадаркі і сацыяльнай сферы, паслухаць песні ў выкананні самадзейных артыстаў, паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі…
Перад пачаткам мірнай бітвы за вырашчаны на палетках гаспадаркі ўраджай нібы волаты побач са сваімі магутнымі машынамі выстраіліся камбайнеры. Уборку збожжавых сёлета ў СВК “Арэхава” будуць весці Леанід Кацюба, Аляксандр Яльніцкі, Васіль Капанька, Фёдар Сверба, Валерый Бягеза, Генадзь Грышын, Алег Вітаноўскі і Мікалай Жох. Усе яны не навічкі ў хлебаробскай справе і ведаюць кошт кожнаму зярнятку. Да свята яны ўжо абмалацілі азімы ячмень і прыступілі да ўборкі азімага рапсу. Але асноўная бітва за хлеб яшчэ наперадзе. З пачаткам жніва працаўнікоў гаспадаркі віншуе старшыня сельгаскааператыву Мікалай Пакроўскі, а настаяцель мясцовага храма айцец Анатоль благаслаўляе іх на плённую працу.
А аграгарадок працягвае адзначаць свой дзень нараджэння. Старшыня сельвыканкама Святлана Вітаноўская ўзнагароджвае граматамі і каштоўнымі падарункамі ветэранаў мясцовай гаспадаркі і сацыяльнай сферы за адданасць прафесіі, за тое, што не здрадзілі сваёй маленькай радзіме, што стваральнай працай упрыгожваюць яе. Ну а самадзейныя артысты і вучні мясцовай школы дарылі сваім аднавяскоўцам цудоўныя песні і танцы. Вядучыя святочнай праграмы Людміла Церашчук і Наталля Заляшчук распавядалі пра тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння калектыўнай гаспадаркі, хто мацаваў яе эканоміку, хто працягвае справу бацькоў і дзядоў сёння – доіць малако і вырошчвае хлеб, пра былых настаўнікаў і іх вучняў, якія сёння ўжо самі сеюць добрае, вечнае, светлае ў душах маленькіх арэхаўцаў.
Дарэчы, не абышлося на свяце і без смачнага духмянага караваю, які быў уручаны кіраўніку мясцовай улады. Ну а Святлана Васільеўна як шчодрая гаспадыня падзялілася ім з усімі прысутнымі на свяце. І шампанскае іскрылася ў бакалах. На гэты раз для Веры і Леаніда Шыгалёвых, якія сёлета адзначаюць залатое вяселле. Як пяцьдзясят гадоў таму закружыліся яны ў вальсе. Прыгожа так, узнёсла і хораша. Нібы і не было за плячыма паўвеку сумеснага жыцця…
На жаль, у вячэрнюю праграму свята прырода ўсё ж унесла свае карэктывы. Навальніца, якая абрушылася на вёску, сарвала дыскатэку для дарослых. Але, у рэшце рэшт, гэта не так ужо і важна: сапсаваць настрой вяскоўцам ёй усё роўна не ўдалося…
Надзея ЯЦУРА.
На здымках: волаты- хлебаробы СВК “Арэхава”; каравай удзельнікам свята ад старшыні сельвыканкама Святланы Вітаноўскай; вальс залатых юбіляраў Веры і Леаніда Шыгалёвых.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 16.07.2014 г.

Добавить комментарий


www.monaliza.kiev.ua

www.majbutne.com.ua

www.medicaments-24.com/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!