Ліцэй чакае юнакоў і дзяўчат

Спякотныя летнія дзянькі ўдвая гарачыя для выпускнікоў школ. Ім, тым, хто ступіў за парог школы і цяпер шукае сваю жыццёвую сцяжынку, трэба вызначыцца ў выбары, спыніцца менавіта на сваёй справе. Нехта, здаўшы паспяхова ЦТ, адразу вязе свае дакументы ва ўніверсітэт ці акадэмію, іншыя — у каледжы. Расчынены дзверы для абітурыентаў і ва ўстановах прафесійнага навучання. У Маларыцкім дзяржаўным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці плануюць сёлета набраць 135 навучэнцаў. З іх 85 – пасля базавай адукацыі. Асаблівасцю сёлетняй уступнай кампаніі ў ДзПЛ СП з’яўляецца тое, што навучальная ўстанова зноў прымае ў свае сцены дзяўчат. Яны змогуць атрымаць у прафесійным ліцэі спецыяльнасці швачкі і повара. Для таго, каб падрыхтаваць такіх спецыялістаў, у навучальнай установе ёсць неабходная база. Для юнакоў, якія атрымалі базавую адукацыю, праводзіцца набор у групу па спецыяльнасці трактарыст, вадзіцель, электразваршчык ручной зваркі. А выпускнікі, якія атрымалі атэстат аб сярэдняй адукацыі, могуць набыць такія групы прафесій, як слесар, вадзіцель, трактарыст і вадзіцель, электразваршчык ручной зваркі.
Адна з пераваг атрымання адукацыі ў прафесійным ліцэі — магчымасць працягваць навучанне па бесперапыннай сістэме адукацыі. Здаўшы экзамен па прадмету прафесійнага цыклу, выпускні­кі могуць працягваць атрымліваць адукацыю ў Пінскім дзяржаўным індустрыяльна-педагагічным каледжы, Высокаўскім каледжы сельскагаспадарчай вытворчасці і Бабруйскім каледжы машынабудавання, з якімі Маларыцкі ДзПЛ СП заключыў дагаворы.
Хоць уступная кампанія ў прафесійным ліцэі ідзе ўжо не першы тыдзень, сказаць, што назіраецца актыўнасць прыёму дакументаў, будзе перабольшваннем. На 8 ліпеня ў прыёмную камісію паступіла ад абітурыентаў пакуль толькі 40 заяў. Але ў ліцэі па вопыту мінулых гадоў ведаюць, што асноўная работа пачнецца ў жніўні, калі пройдзе залічэнне ў ВНУ і каледжы.
— Сёлета мы значна адчуваем тую лепту, якую ўнесла ў ход уступнай кампаніі прафарыентацыйная промаакцыя, што была праведзена на базе ліцэя ў красавіку, — заўважае намеснік старшыні прыёмнай камісіі Алена Аляксандраўна Талашка. – Многія, хто прыносіць да нас дакументы, прынялі ўдзел у промаакцыі, пазнаёміліся з ліцэем. Прыемна цяпер бачыць вынікі нашай працы. Праўда, нельга сказаць, што выпускнікі ідуць патокам. Апошнія вагаюцца ў сваім выбары. І не выпадкова. У нас у ліцэі можна атрымаць прафесіі, запатрабаваныя ў сельскай гаспадарцы. А работа ў сельскай гаспадарцы нялёгкая, асабліва ў час сяўбы, жніва. Але гэта вельмі добры вопыт для нашых выпускнікоў. Каля 60 працэнтаў іх ідуць працаваць у сельгасарганізацыі і самі адзначаюць, што такога вопыту, як у сельскай гаспадарцы, больш нідзе не набудзеш.
Сярод навучэнцаў прафесійнага ліцэя шмат юнакоў з Брэста, Кобрына і іншых гарадоў вобласці. Яны едуць у Маларыту, бо ад знаёмых чуюць добрыя водгукі пра навучальную ўстанову, якая мае добрую практычную базу. Штогод ліцэй папаўняецца тэхнікай. Як бы ні было цяжка, тут набываюць новыя трактары і сельгасмашыны. Каштуе тэхніка дорага, а таму бяруць яе ў лізінг. А яшчэ ліцэй заключае дагаворы з сельгаскааператывамі раёна і навучэнцы атрымліваюць магчымасць знаёміцца з той тэхнікай, якой няма ў ліцэі. Цеснае супрацоўніцтва ў гэтым накірунку нала­джана ў дзяржаўным прафесійным ліцэі з СВК “Хаціслаўскі”. У выніку ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў для сельскай гаспадаркі атрымліваецца даволі нядрэнны.
Прываблівае абітурыентаў і тое, што ўсе 100 працэнтаў навучэнцаў маюць магчымасць жыць у інтэрнаце. Навучэнцы, якія прыйшлі ў ліцэй пасля атрымання базавай адукацыі, забяспечваюцца бясплатным харчаваннем. Навучэнцы з сярэдняй адукацыяй атрымліваюць стыпендыю.
— А яшчэ тут вельмі добрыя майстры, выкладчыкі, выдатныя ўмовы для вучобы і практычных заняткаў, строгая дысцыпліна, — гаварыў дзядуля аднаго з абітурыентаў — Іван Алфёраў з Кобрынскага раёна. Ён, расказваў мужчына, сам былы механізатар, усё жыццё працаваў на трактары, зараз на пенсіі і сваю справу ў спадчыну перадае сваім унукам. Адзін з іх ужо атрымаў у Маларыцкім прафесійным ліцэі прафесію трактарыста, цяпер працуе ў мясцовай гаспадарцы ў вёсцы Пескі 2, другі ўнук перайшоў на другі курс ліцэя. А цяпер прывёз дзед у Маларыту трэцяга ўнука, Аляксандра. Няхай і ён, гаварыў дзядуля, вучыцца сельскагаспадарчай справе.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у дзяржаўным прафесійным ліцэі ідзе ўступная кампанія.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 16.07.2014 г.

Добавить комментарий


также читайте alternatiwa.com.ua

https://gazon.net.ua

www.apothekegenerika.com/viagra/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!