У райвыканкаме прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб правёў кіраўнік спраў аблвыканкама Антон Сцяпанавіч Стэльмах.

Калі гаварыць пра пытанні, у вырашэнні якіх грамадзяне прасілі садзейнічання адказнага работніка аблвыканкама (на прыём запісалася 7 чалавек), дык большасць з іх былі сацыяльна значнымі. Да прыкладу, Васіль Іванавіч Пушачкін і яго жонка прасілі дапамагчы вырашыць такое праблемнае, на іх погляд, пытанне, як капітальны рамонт дома, дзе яны цяпер жывуць. Дзякуючы таму, што на прыёме прысутнічаў дырэктар КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Аляксандр Пешта, высветлілася наступнае. У 2012 годзе Пушачкіны падалі заяву з просьбай дазволіць ім прыватызаваць дом. Работнікі службы тэхнічнай інвентарызацыі ацанілі яго тады ў 21 мільён рублёў. У камунальнай службе далі згоду на прыватызацыю дома Пушачкінымі з растэрміноўкай выплаты яго ацэначнага кошту на працягу 40 год. Што датычыць капітальнага рамонту дома непасрэдна, дык Аляксандр Фёдаравіч Пешта растлумачыў, што зрабіць гэта наўрад ці будзе магчымым, бо згодна з дзеючым заканадаўствам, усе ўнутраныя работы ў прыватызаваным жыллі право­дзяцца за кошт уласніка ці наймальніка. Адзінае, на што могуць прэтэндаваць Пушачкіны, — напісаць заяву ў камунальную службу з просьбай не спаганяць з іх штомесячную плату на кап­рамонт і тэхабслугоўванне дома, бо ў іх выпадку, калі дом стаіць асобна і прыватызаваны, такая плата можа не спаганяцца.
Зразумелай была і просьба жыльцоў дамоў №6 і №12, што па вул. Ціхай у Маларыце Міхаіла Паўлючыка і Рамана Ківачука, якія прасілі аказаць садзейнічанне ў добраўпарадкаванні іх вуліцы. А яна ў час дажджу ці пасля яго напамінае непраходнае балота.
Каб разабрацца ў сітуацыі, Антон Сцяпанавіч разам з заяўнікамі і работнікамі райвыканкама выязджаў на месца. Канкрэтны адказ наконт узнятай праблемы будзе дадзены Міхаілу Паўлючыку і Раману Ківачуку.
Для Алены Люльковіч з Хаціслава вельмі хвалюючай і балючай з’яўляецца праблема завяршэння будаўніцтва ўласнага дома, льготны крэдыт на ўзвядзенне якога выдзяляўся Люльковічам як шматдзетнай сям’і. Пытанне няпростае, тым больш, што цяпер існуюць пэўныя цяжкасці з крэдытаваннем індывідуальных забудоўшчыкаў. Але Антон Сцяпанавіч паабяцаў дасканала вывучыць сітуацыю Алены Люльковіч (а ў яе сям’і шасцёра дзяцей) і даць канкрэтны адказ, магчыма, у нечым дапамагчы.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: у час прыёму грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб кіраўніком спраў аблвыканкама Антонам СТЭЛЬМАХАМ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 19.07.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!