Залаты рапс

Галоўны аграном СВК “Хаціслаўскі” Андрэй Кур­дзюк радасці не ўтойваў: такой ураджайнасці рапсу, як сёлета, у гаспадарцы яшчэ не было. Больш чым па 30 цэнтнераў намалочваюць з кожнага гектара.
На полі, адразу за вёскай Мельнікі, куды мы прыехалі, экіпажы двух камбайнаў убіралі залаты рапс. Ён стаяў густой, суцэльнай сцяной залатога колеру.
— Убіраць такі ўраджай, вядома ж, прыемна, — гаворыць механізатар Уладзімір Яўтушык. — Глядзіш, бункер зноў і зноў поўны. Учора, напрыклад, мы за дзень намалацілі 130 тон.
— Мы яго тут вясной сеялі разам з Уладзімірам, — дадае калега Леанід Мішчук, неаднаразовы пераможца раённых і абласных спаборніцтваў — цяпер вось пажынаем плады.
Для абодвух жніво, якое ў гаспадарцы яны пачалі першымі, далёка не першае. Шышак набілі, вопыт набылі. Жніво для іх не проста імя агульнае, а жывая, турботная і блізкая справа, якой яны адданыя. Абмяняліся кароткімі фразамі – і па камбайнах. Пакуль добрае надвор’е – трэба спяшацца, можна было прачытаць на іх тварах.
Рапс са свірэпі­цай сёлета ў СВК “Хаціслаўскі” займае 360 гектараў. На большай па­лавіне плошчаў яго ўбралі ўжо. Гаспадарка рэалізуе дзяржаве таксама масланасенне рапсу, выконваючы дзяржзаказ. На сённяшні дзень на перапрацоўку ад­праў­лена ўжо 123 тоны яго.
Хаціслаўскі рапс можна назваць цудам. Але цуд гэты рукатворны. Бо створаны вялікай працай тутэйшых хлебаробаў.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: камбайнеры Леанід МІШЧУК і Уладзімір ЯЎТУШЫК; галоўны аграном Андрэй КУРДЗЮК і брыгадзір Вячаслаў СМАЛЬ правяраюць вільготнасць насення рапсу.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 19.07.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


моторные масла украина

www.majbutne.com.ua

chemtest.com.ua/distilyatori