Залаты юбілей сямейнага жыцця адзначылі нядаўна Мікалай Іванавіч і Яўгенія Аляксееўна Пацеюкі з в. Ляхаўцы

-Чалавек не можа рабіць у дасканаласці тое, што яму неабходна ў паўсядзённасці. Штосьці адно лепш атрымліваецца, другое – горш. У кожнага талент у сваёй сферы, — па-філасофску заўважае Мікалай Пацяюк з в. Ляхаўцы. — Выключэннем з правілаў тут, напэўна, з’яўляецца каханне. У ім кожны павінен быць віртуозам, сапраўдным майстрам, творцам, самародкам. Усяго сябе, свае бязмежныя сілы неабходна патраціць, каб стварыць шэдэўр жыцця – сапраўднае каханне: светлае, чыстае, узнёслае, часам нават і рамантычнае, па-дзіцячы ў нечым наіўнае. Толькі так можна стаць і быць сапраўды шчаслівым. А гэта – нялёгкая справа.
Адны да такой гармоніі намагаюцца ісці ўсё жыццё і ніяк не могуць наблізіцца, а другія – жывуць у ёй пастаянна.
Мікалай Іванавіч і Яўгенія Аляк­сееўна Пацеюкі якраз з кагорты апошніх. Нядаўна яны адзначылі 50-годдзе сямейнага жыцця. Многа было ў іх у гэты дзень успамінаў, але найбольш радасных і светлых. Хоць, вядома, за паўвеку разам і перажыта многае, і перадумана.
— Мы ж адзін аднаго ва ўсім заўжды падтрымлівалі, — гаворыць Яўгенія Пацяюк, — словам, справамі і маўчаннем. Бываюць жа такія моманты ў жыцці, што лепш моўчкі выслухаць усё, прытуліцца да каханага чалавека і пранікнёна глянуць яму ў вочы.
— Ці можаце назваць тое, да чаго ні пры якіх умовах вы не маглі дазволіць сабе апусціцца ў адносінах да сваёй палавінкі?
— Сямейнае жыццё – рэч надзвычай далікатная, тонкая, якую неабходна вельмі берагчы… У нас, здаецца, ніколі не было лаянкі, знявагі, узаемнага недаверу, пачуцця нянавісці, — пералічвае Яўгенія Аляксееўна. — Заўжды разам спрабавалі шукаць кампраміс. Ды і крыкам не імкнуліся ніколі ніякіх спраў, пытанняў вырашаць. Памаўчым, бывала, астынем, адумаемся ў розных пакоях, а калі пройдзе злосць, то тады ўжо і спрабуем гаварыць пра нешта. Лагоднасць ва ўсім, далікатнасць, тактоўнасць і памяркоўнасць былі паміж намі і ёсць. Зрабіць балюча каханаму чалавеку проста. Цяжэй пасля нанесеную душэўную рану залячыць. Шрам усё ж такі застаецца надоўга, калі не на ўсё жыццё.
— Сярдзіты, нечым не задаволены, я забываў аб усім, — прызнаецца Мікалай Іванавіч, — калі бачыў усмешку на вуснах сваёй жонкі. Ад гэтага на сэрцы рабілася адразу неяк добра, і ў імгненне ўсё дрэннае, непатрэбнае забывалася. Доўга зла ніколі ў душы не насіў. Не раз пераконваўся: гнеў, што ўзнікаў час ад часу ў нас, успыхваў практычна на роўным месцы, з-за нейкай драбязы. Калі ў такіх сітуацыях своечасова не спыніцца, то такі пажар можа шугануць! Гэта я ўжо цяпер ведаю і разумею, што ў такія моманты лепш змаўчаць, проста ўсміхнуцца.
Сваё сямейнае шчасце запусцілі на арбіту кахання Мікалай і Яўгенія Пацеюкі ў Дзень касманаўтыкі – 12 красавіка 1964 г. Тады яны афіцыйна сталі мужам і жонкай. Шлях да сумеснага жыцця быў у іх такім.
Мікалай нарадзіўся ў Ляхаўцах. Спакон веку тут жылі яго бацькі, дзяды, прадзеды, працавалі на зямлі, збіралі ўраджай, гадавалі дзяцей… Калі пачалася вайна, бацька пайшоў на фронт. З палёў баёў ён, на жаль, так і не вярнуўся. Таму хлопчыка выхоўвалі дзядуля Сяргей Іванавіч і маці Праскоўя Васільеўна. Памяць Мікалая Іванавіча захоўвае асобныя эпізоды маленства, апаленага вайной. Ён памятае, як з дарослымі хаваўся ад немцаў у лесе, як жыў у шалашы ва ўрочышчы «Буды», як гуляў з аўтаматамі партызан.
— У 6 гадоў з «хвосцікам» я пайшоў у першы клас, — успамінае Мікай Пацяюк. — Вучыўся з ахвотаю. Набліжаўся час заканчэння сямігодкі. Былі планы на будучае. Толькі адно было дрэнна: мне ўсяго 13 гадоў споўнілася. Куды такое горкае дзіця можна аднаго адпускаць з дому? Таму дзядуля ідзе да дырэктара школы і просіць, каб мяне на выпускных экзаменах… «завалілі». Білеты ўсе я вывучыў, добра адказваў на іх падчас іспытаў. Аднак дырэктар паведаміў, што экзамены я не здаў, таму застаюся ў 7 класе яшчэ на адзін год — на паўторны курс. Што мне заставалася рабіць? Супраць волі дарослых пайсці ніяк не асмеліўся.
Мікалай Пацяюк праз год заканчвае 7 класаў у Ляхавецкай школе, далей з ахвотаю ў 8 класе вучыцца ў Маларыцкай школе. Пасля летніх канікулаў некалькі тыдняў наведвае заняткі ў дзявятым класе. А пасля надумаў кінуць вучобу.
— Цяжка было штодзень з вёскі ў горад і назад хадзіць, — гаворыць Мікалай Іванавіч. — Адзін, праз лес, па бездарожжы. Кожны дзень па кіламетраў 16 пешшу трэба было прайсці. Цяжка даводзілася. Праз год у Ляхаўцах адкрылі дзесяцігодку. Таму пайшоў далей вучыцца ў родную школу. Атэстат сталасці атрымаў у 1957 г. Так склалася, што ў школе вучыўся 12 гадоў. Між іншым, наш клас стаў першым выпускам Ляхавецкай школы ў статусе сярэдняй.
Затым Мікалай Іванавіч падае дакументы ў Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча. Жыць стаў на кватэры. Там жа здымала жыллё і Яўгенія, будучая жонка Мікалая.
Дзяўчына прыехала з вёскі Сурынка Слонімскага раёна. Адукацыю набывала ў Гродзенскім гандлёва-кааператыўным вучылішчы.
— Я марыла стаць медыцынскім работнікам, — кажа Яўгенія Аляксееўна, — але пасля школы адразу не паступіла вучыцца туды, куды хацелася: балаў не хапіла. Таму падалася ў прадаўцы. Жыла на кватэры. Тут жа ўпершыню і ўбачыла Мікалая. Наша знаёмства адбылося ў пачатку верасня 1959 г. Кожны дзень бачыліся, размаўлялі, жартавалі, нешта абмяркоўвалі, бывала, што разам і гулялі. З’явіліся нейкія сімпатыі, нават дружба. Аднак іх жыццёвыя сцежкі хутка разыдуцца ў розныя бакі.
У 1961 г. Мікалай Пацяюк, закончыўшы вучылішча, на першае месца працы накіроўваецца ў Высокаўскую школу-інтэрнат Камянецкага раёна, а на наступны год, у лістападзе, яго прызываюць на 4 гады на службу ў марскі флот. Яўгенія і Мікалай ніякіх сувязей паміж сабой не падтрымліваюць. У кожнага свая жыццёвая дарога, свой лёс. Здавалася, што тое першае каханне, такое кволае, няўмелае, далікатнае, знікла назаўсёды.
— Мне даводзілася вельмі цяжка, — прызнаецца Яўгенія Аляксееўна. — Бацькі не было. Ён загінуў на вайне. Гадаваць мяне дапамагаў дзядуля. Закончыўшы гандлёва-кааператыўнае вучылішча, паступіла ў медыцынскае, каб стаць фельчарам-акушэрам. Гады вучобы для мяне былі напаўгалоднымі. З дому дапамогі практычна не было ніякай, бо маці жыла бедна. На 20 рублёў стыпендыі, якую давалі, трэба было і пракарміцца, і апрануцца, і абуцца. Часта недаядала. Прадуктамі харчавання дапамагалі аднагрупніцы. Каб выжыць, пасля вучобы стала працаваць – хадзіла складваць цэглу.
Яўгенія часта марыла пра шчасце. Ёй так хацелася мець свой цёплы дом, добрага мужа. Хлопцаў вакол было многа. Аднак дзяўчына ўсё часцей стала ўспамінаць і думаць пра Мікалая. Юнак здаваўся лепшым за ўсіх. Ласкавы, з добрым характарам, сціплы, уважлівы. Пасля роздумаў і бяссонных начэй Яўгенія асмелілася напісаць пісьмо ў Ляхаўцы маці Мікалая.
— У Праскоўі Васільеўны я папрасіла, каб яна даслала мне адрас, дзе служыў тады Мікалай, — усміхаецца Яўгенія Пацяюк. — Яму адправіла ліст. Хутка прыйшоў адказ. Паступова завязалася перапіска.
— А ў адзін момант мы зразумелі, — гаворыць Мікалай Іванавіч, — што далей не зможам жыць адзін без аднаго. Неўзабаве мне даюць водпуск на цэлы месяц. За гэты час мы вырашылі распісацца і афіцыйна стаць мужам і жонкай.
Яўгенія Аляксееўна пасля заканчэння вучылішча на першае месца працы едзе ў Ляхаўцы. Тут яна ўладкоўваецца ў мясцовы радзільны дом фельчарам-акушэрам. А Мікалай яшчэ на два з паловаю гады накіроўваецца на Балтыку даслужваць тэрмін. Маладыя жывуць у расстанні і з нецярпеннем чакаюць пісьмаў адзін ад аднаго. Яўгенія іх піша часта. Адлегласць і час толькі ўмацоўваюць ўзаемнае пачуццё, загартоўваюць яго.
— Мне не раз хацелася праведаць свайго мужа, — расказвае Яўгенія Аляксееўна. — Хацелася ўбачыць, пабыць побач, пачуць родны голас, пагаварыць аб усім на свеце і проста разам памаўчаць. Аднак нельга было пакінуць адказную работу. Хто ж, думала, будзе прымаць роды ў жыхарак Асавой, Отчына, Ляхавец? Я змагу пацярпець, а яны — не. Збіралася, ды так і не паехала.
Вярнуўшыся ў Ляхаўцы, Мікалай Пацяюк у роднай школе стаў выкладаць музыку. Праз некалькі гадоў, параіўшыся з жонкаю, вырашае атрымаць вышэйшую адукацыю. Ён паступае на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута.
— У Ляхавецкай школе я выкладаў адначасова і музыку, і рускую мову і літаратуру, — кажа Мікалай Іванавіч. — Педагогам адпрацаваў 39 гадоў. Ад работы атрымліваў задавальненне і асалоду. Жыў урокамі і штодзённымі сустрэчамі з вучнямі.
Яўгенія Аляксееўна працягвала працаваць у вясковым раддоме. Пазней яе пераводзяць у аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі ў Маларыту, а затым — у радзільнае аддзяленне раённай бальніцы. Тут жанчына шчыра адпрацавала 25 гадоў. Яна ўсю сябе аддавала іншым, дапамагаючы ім з’явіцца і ўбачыць белы свет.
…Мікалая Іванавіча і Яўгенію Аляксееўну вяскоўцы называюць шчаслівымі ў шлюбе і па-добраму зайздросцяць ім у гэтым. Але адчування паўнаты шчасця не было б, каб не дачка Вераніка і зяць Аляксандр, унукі Наталля і Мікалай, праўнукі Іван і Коля. І калі ўся сям’я збіраецца разам за адным сталом, то Яўгенія Аляксееўна неўпрыкмет заплача слязамі радасці. Для ўсіх іх такія сустрэчы – самыя лепшыя моманты ў жыцці. Яны надаюць сілу, веру ў заўтрашні дзень.
— Унукі і праўнукі ў нас бываюць часта, — гаворыць Яўгенія Аляксееўна. – Разам з імі мы маладзеем душой, забываем пра ўзрост, свае немачы.
* * *
Мікалай Пацяюк – паэт. Гэты талент у яго раскрыўся тады, калі вучыўся яшчэ ў 9 класе. Неяк напісаны верш юнак адпраўляе ў рэдакцыю абласной газеты “Зара”. Адтуль прыходзіць станоўчы адказ. Літаратурны кансультант абласной газеты папрасіў даслаць яшчэ некалькі твораў. Па пошце іх адпраўляе ў “Зару”. Аднак адтуль хутка прыйшло пісьмо, у якім вершы былі раскрытыкаваны. На гэтым кар’ера паэта ў 1956 г. завяршылася, так і не пачаўшыся.
Ажно 46 гадоў Мікалай Пацяюк вершаў не пісаў. Ад творчай спячкі прабудзіў выпадак. У 2002 г. жонка Яўгенія Аляксееўна адзначала юбілей. Мікалай Іванавіч вырашыў зрабіць ёй своеасаблівы сюрпрыз. Ён напісаў віншаванне ў вершах і змясціў яго на старонках раённай газеты «». Многім віншаванне спадабалася. Гэта, па сутнасці, і стала пачаткам адраджэння літаратурнай дзейнасці. У верасні 2013 г. Мікалай Пацяюк быў прыняты ў рады грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. А гэта – прызнанне майстэрства. Цяпер Мікалай Іванавіч з’яўляецца аўтарам двух паэтычных зборнікаў — “Мелодыя сэрца” і “З-пад буслінага крыла”.
— Каб не мая Яўгенія Аляксееўна, — пераконвае Мікалай Іванавіч, — то я не стаў бы паэтам. Яна – мой першы слухач, першы крытык. Я абавязкова да яе думак прыслухоўваюся.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Мікалай Іванавіч і Яўгенія Аляксееўна Пацеюкі з в. Ляхаўцы лічаць: каб стаць шчаслівым, неабходны талент, жаданне і штодзённая праца над гэтым.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 19.07.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.farm-pump-ua.com

oncesearch.com

https://webterra.com.ua