Вёсцы патрэбны такія

Муж і жонка Яўген і Аліна Дворакі – маладыя спецыялісты, працуюць у Ляхаўцах, роднай вёсцы. Яўген закончыў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна па спецыяльнасці настаўнік гісторыі, Аліна – Брэсцкі дзяржаўны каледж імя Рыгора Шырмы па спецыяльнасці педагог па вакалу і кіраўнік ансамбля. І хоць працоўны стаж маладых спецыялістаў невялікі, усяго толькі год, але, напэўна, яны ўжо вызначыліся з тым, ці застануцца ў вёсцы назаўсёды.

— Яўген, Аліна, вы з задавальненнем ехалі ў вёску працаваць?
— Ляхаўцы – наша родная вёска. У ёй мы нарадзіліся, раслі, вучыліся ў школе, — адказвае Аліна. — Пасля таго, як мы пажаніліся, я прыйшла на практыку ў мясцовы клуб, а Жэня ўладкаваўся настаўнікам у Ляхавецкай школе. Пакуль нам тут падабаецца. І лёгка працуецца, магчыма, што побач нашы бацькі, якія заўсёды дапамогуць.
— Я згодны з Алінай, — гаворыць Яўген, — вось толькі хацелася б, каб у вёсцы было больш працоўных месцаў і заработная плата годная. Хаця, калі шчыра, у мяне як у сельскага настаўніка, заробак большы, чым у калег, якія працуюць у горадзе. Хвалюе тое, што ў хуткім часе можа здарыцца так, што і вучыць не будзе каго. З кожным годам вучняў становіцца ўсё менш і менш. Праз некалькі гадоў у Ляхавецкую школу не прыйдзе ні адзін першакласнік.
— Аліна, ці атрымліваеце Вы задавальненне ад працы?
— Пасля цяжкіх працоўных будняў вяскоўцам хочацца адпачыць. Для таго, каб іх адпачынак быў цікавым і змястоўным, арганізоўваю ў нашым ДК рэтра-дыскатэкі. На першую з такіх дыскатэк амаль ніхто не прыйшоў, што мяне вельмі засмуціла. Але я не апусціла рукі і праводзіла дыскатэкі зноў і зноў. З часам вяскоўцаў у сельскі Дом культуры стала прыходзіць больш. Бачыла, што людзі хочуць сапраўды адпачыць. Таму практычна на кожнае свята ў клубе праводзілі тэматычныя дыскатэкі. Аднавяскоўцам гэта падабалася, у клуб прыходзілі як стары, так і малады. І мне было прыемна, што людзі, нарэшце, зразумелі: культработнікі для іх стараюцца.
— Яўген, а ты не злуеш, што Аліне і па вечарах, і ў выхадныя дні даводзіцца быць на рабоце?
— Я і сам з ёй хаджу ў сельскі Дом культуры і дапамагаю ў арганізацыі і правядзенні дыскатэк. Больш таго, у школе займаю пасаду завуча – намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, разам з тым яшчэ і педагог-арганізатар. Таму мы з Алінай як з культработнікам сумяшчаем нашы старанні, арганізоўваем і праводзім сумесныя мерапрыемствы.
— Аліна, чуў, што пасля таго, як ты пайшла ў дэкрэтны адпачынак (Аліна і Жэня рыхтуюцца стаць бацькамі-аўтар), многія з маладых скардзяцца, што ў Доме культуры стала сумна. А табе дома не сумна, не хочацца вярнуцца на работу?
— Вельмі хочацца, і я вярнуся ў Дом культуры пасля водпуску па догляду за дзіцяці, хаця загадваць не трэба.
— Скажыце, калі ласка, а як вы свой быт уладкавалі, ці маеце жыллё?
— Пакуль жывем з маімі бацькамі, — адказаў Яўген. — У іх вялікі прасторны дом, падведзены газ, нам усім месца хапае. А там – будзем бачыць.
— Аліна, Яўген, цяпер самае галоўнае пытанне: ці збіраецеся вы застацца ў вёсцы?
— Мне здаецца, што мы тут ужо назаўсёды, — адказвае Яўген. — Жыццё ў вёсцы – гэта нешта асаблівае. Ды і нашаму дзіцяці для здароўя будзе больш карысна расці ў вёсцы.
* * *
Усё, што гаварылі Яўген і Аліна Дворакі, — не проста словы. Сапраўды, яны знайшлі сябе ў родных Ляхаўцах, дзе нарадзіліся, як кажуць, там і спатрэбіліся. І землякі іх ужо ацанілі як невыпадковых у вёсцы і ў сваіх прафесіях людзей.
Павел КАНАНОВІЧ, студэнт БрДзУ імя Пушкіна.
НА ЗДЫМКУ: Яўген і Аліна ДВОРАКІ.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 23.07.2014 г.

Добавить комментарий


www.velotime.com.ua

https://progressive.ua

oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!