“ХОЛАД” У ПРОЗВIШЧАХ – ЦЕПЛЫНЯ У СЭРЦАХ

…Мая субяседніца, простая і сціплая жанчына, няёмка сябе адчувала ў ролі інтэрв’юіруемай, таму надакучваць ёй шматлікімі пытаннямі мне не хацелася. Мы проста гутарылі як дзве сяброўкі, што сустрэліся праз пэўны час і рады падзяліцца адна з адною нечым сваім. Але нават з гэтай нядоўгай гутаркі можна было даведацца, чым жыве Надзея Рыгораўна Ляднёва, што для яе значаць праца, свая ўласная гаспадарка, дзеці, унукі.
— А я хацела стаць ткачыхай, — сама пачала расказ Надзея Рыгораўна. — Прачытала аб’яву ў газеце і паехала ажно ў Саратаўскую вобласць паступаць у Чырвонаармейскае вучылішча тэкстыльшчыкаў. Год там правучылася, набыла спецыяльнасць. Але ткачыхай працаваць мне не давялося. Абставіны склаліся так, што вымушана была прыехаць у родную вёску, у бацькоўскі дом. Адна, з сынам, бо з мужам на той час шлюб быў скасаваны.
На высокія пасады Надзея Рыгораўна не прэтэндавала, бо добра ведала, што за плячыма было ўсяго толькі вучылішча. Працавала там, дзе даводзілася: і афіцыянткай у грамхарчы, і санітаркай у бальніцы, і на спартыўнай базе, але ўсюды – выкладваючыся, як кажуць, “ад” і “да”. На жаль, памер пенсіі ад стараннасці не залежыць і на каэфіцыент індывідуальны не ўплывае. Таму пенсія ў Надзеі Рыгораўны – мінімальная. Але яна на дзяржаву не крыўдуе, што зарабіла — тое зарабіла. Хочаш, каб сямейны бюджэт быў большым, — старайся. І Надзея Рыгораўна стараецца. Балазе, сын Ігар, сям’я якога жыве разам, ахвотна дапамагае. Ляднёвы трымаюць немалую гаспадарку, у якой ажно 2 кароўкі (дарэчы, тут, на вуліцы Зарэчнай у Гусаку, сямейныя карміцелькі ёсць толькі ў іх і ў суседзяў), са­дзяць немалы агарод, у прыватнасці, клубніцы, у сезон ягады, грыбы збіраюць, прадаюць.
— Надзея — гэта той стрыжань, вакол якога ўсе ў сям’і Ляднёвых і аб’ядноўваюцца, — гаварыла былая настаўніца, жыхарка в. Гусак Ларыса Мікалаеўна Юхімук. — Больш працавітага чалавека ў нашай вёсцы, чым Надзея, бадай, і не ведаю. У яе ў руках ўсё гарыць. Яна недаспіць, недаесць, каб толькі з той ці іншай работай справіцца. Мусіць, ніхто столькі ягадных і грыбных месцаў не ведае, колькі ведае Надзея.
Добра выхавала Надзея Рыгораўна і сына.
— У яго сям’я на першым плане, — гаварыла Ларыса Мікалаеўна. – І цану кожнай капейкі Ігар таксама ведае.
Дарэчы, калі Ігар ажаніўся, каб палепшыць жыллёвыя ўмовы, сам прыбудаваў да старой дзедавай хаты, дзе жыве маці, яшчэ адзін вялікі пакой, кухню, веранду, уцяпліў яе. Абгарадзіў сядзібу дыхтоўнай агароджай.
Атмасфера працавітасці, якая пастаянна пануе ў сям’і Ляднёвых, спрыяе таму, што і яго жонка, і сын Ігара, Дзіма, а ён сёлета закончыў мясцовую школу, не безудзельныя ў сямейных турботах. Па меры магчымасцей і яны дапамагаюць і на агародзе ўправіцца, і па гаспадарцы. Адна ж сям’я.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Гусак.
НА ЗДЫМКУ: ЛЯДНЁВЫ ў ліку нямногіх, хто ў Гусаку трымае карову.
Фота Мікалая НАВУМЧЫКА.

Опубликовано в «ГЧ» 23.07.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.