Сібірачка Ніна

Больш за 40 гадоў таму зусім маладой прыехала яна з мужам з ударнай камсамольскай будоўлі на жыватворную маларыцкую зямлю і назаўжды параднілася з ёй
Пасля знаёмства з вёскай Лясавец і яе жыхарамі, з навакольнай прыродай, вяртацца назад, ва Усць-Ілімск, дзе сустрэла беларуса Міхаіла Ячніка, аднаго з соцень тысяч будаўнікоў Байкала-Амурскай магістралі, якія прыехалі сюды з усяго Савецкага Саюза, маладая жанчына проста адмовілася. І ніколі, прызнаецца сёння, не пашкадавала аб гэтым. Надта ж ёй усё падабалася тут: натуральная садавіна – наліўныя яблыкі, сакавітыя грушы ды слівы, смачная рассыпістая бульба з агарода, свежае малако прама з-пад каровы. Усяго гэтага ў Іркуцкай вобласці, дзе яна нарадзілася і жыла, не было. Садавіну і гародніну ўжываць даводзілася ў асноўным кансерваваныя, бульбу – сушаную, а малако – сухое.
Так першая паездка ў водпуск на радзіму мужа ў чэрвені 1973 года стала для Ніны і апошняй. І толькі праз 15 гадоў Ячнікі пабывалі ў Сібіры зноў. Падчас водпуску ездзілі праведаць родных Ніны…
Бацькам мужа, якія жылі ў вёсцы Лясавец Чарнянскага сельсавета, нявестка прыйшлася даспадобы. Нягледзячы на ўвогуле яшчэ юны ўзрост — на той момант Ніне споўнілася ўсяго 16 гадоў, яна, як гавораць, на ляту асвойвала вясковае жыццё. І са свекрывёй, з якой пад адным дахам пражылі 20 гадоў, знайшла агульную мову. А прыкладна праз паўгода пайшла працаваць на мясцовую ферму падменнай даяркай. Калі ж хлопец-даяр пайшоў у армію, без роздуму перайшла на яго групу на пастаяннае месца.
Працавала сібірачка не пакладаючы рук, бо была з той пароды рускіх жанчын, якія і каня на скаку спыняць, і ў палаючы дом увойдуць. Старалася, каб яе рагулі заўжды былі накормлены як належыць і дагледжаны. Спачатку, калі даілі кароў уручную, абслугоўвала групу ў 20 галоў, пазней, калі перайшлі на бачкі – па 42. Распавядаючы падчас сустрэчы пра той далёкі час, Ніна Данілаўна з гумарам успамінала, як даяркі не хацелі пераходзіць на даенне кароў у бачкі і нават “патрабавалі” ў загадчыка фермы Ціхана Дзягеля даплату за гэта…
Шмат гадоў праляцела з таго часу. Многае ўжо забылася, але самыя яркія моманты жыцця яна помніць і распавядае пра іх, нібыта было ўсё ўчора. Напрыклад, як уласны дом будавалі. Прычым без нейкіх там крэдытаў. Ды што крэдыты, яны з мужам нават з ашчаднай кніжкі грошай не бралі на будаўніцтва. Прасторны дыхтоўны дом узвялі за зарплату. А чаму б і не?
— У старшыні калгаса тады зарплата была 300 рублёў, — гаворыць жанчына. – А я атрымлівала 500-700 ды яшчэ муж столькі ж – ён пастухом працаваў. Гэтых грошай у савецкія часы нам цалкам хапала і на будаўніцтва, і на іншыя расходы.
Дадам, што ў сям’і Ячнікаў на той час было ўжо пяцёра дзяцей (сын і 4 дачкі) і ўсіх іх неабходна было карміць і апранаць.
— На работу мы заўжды ішлі з жаданнем і ў добрым настроі, хоць працаваць было і нялёгка. І па тры гады не сядзелі ў адпачынку па догляду за дзіцяці, як цяпер. Праз месяц пасля родаў выходзілі на работу. Што тычыцца дародавага водпуску, то ў мяне яго ў цяперашнім выглядзе не было. Ды што дародавага? Штогадовы працоўны не заўсёды атрымлівалася ўзяць, бо не было каму даіць кароў. Здаралася, што па 7 гадоў працавала без адпачынку…
Яна разумела, што па заканадаўстве так нельга, але пачуццё адказнасці за даручаную справу не дазваляла Ніне пакласці заяву на стол кіраўніку, пакінуць кароў і паехаць, напрыклад, на радзіму, каб праведаць родных, ці проста пабыць з дзецьмі. Бо, як прызнаецца Ніна Данілаўна зараз, тады займацца іх выхаваннем даводзілася ўрыўкамі: раніцай, калі яна ішла на работу, малыя яшчэ спалі, а калі прыходзіла з вячэрняй дойкі, – ужо спалі. І яна заўжды будзе ўдзячна свекрыві, якая дапамагала ёй не толькі хатнюю гаспадарку весці, але і займалася ўнукамі. Ды і дасягненні свае, за якія была ўдастоена ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга і медаля “За працоўную доблесць”, жанчына лічыць агульным сямейным набыткам, бо без падтрымкі родных ёй людзей, яна наўрад ці змагла б дабіцца важкіх вытворчых паказчыкаў.
Хоць калі гаварыць шчыра, то самым важным дасягненнем для Ніны Ячнік з’яўляюцца яе дзеці. Іх у некалі знакамітай у раёне даяркі, як і ў яе бацькоў, — пяцёра. Усе яны выраслі годнымі людзьмі. Дочкі Таццяна і Валянціна жывуць у суседніх Горах. Таццяна — цялятніца, а Валянціна — падменная даярка ў СВК “Чарняны”. Марыя — заатэхнік-асемянатар у СВК “Ляхаўцы”. Там і жыве. Наталля – у Маларыце. Яна працуе ў бібліятэцы. У райцэнтр у новую кватэру збіраецца перабірацца і Валянціна з мужам і дзецьмі. Тут шматдзетная сям’я, у якой у хуткім часе народзіцца пятае дзіця, пабудавала кватэру. У Марыі і Наталлі па трое дзяцей, у Таццяны – двое. Таму Ніна і Міхаіл Ячнікі багатыя не толькі на дзяцей, але і на ўнукаў. І калі за дачок маці спакойная: у кожнай з іх ёсць свой дом, сям’я і надзейны тыл, то за першынца-сына душа баліць. Міхаіл сям’ю яшчэ не стварыў. Працуе ў мясцовай гаспадарцы пастухом, а жыве разам з бацькамі ў вялікім доме, які пасля замужжа дзяўчат неяк адразу апусцеў. Але жанчына спадзяецца, што і ў яго ўсё складзецца добра, хоць знайсці сваю другую палавінку ў Лясаўцы і навакольных вёсках, дзе моладзі практычна няма, не так ужо і лёгка. І ўсё ж, як гавораць, не ўсё яшчэ страчана.
Жыццё не стаіць на месцы. Вось і яна пасля 7 гадоў знаходжання на заслужаным адпачынку зноў выйшла на работу і, як прызнаецца, ажыла. Адразу некуды падзеліся балячкі, якія не давалі спакою, калі не працавала. Цяпер, праўда, яна дапамагае мужу. Разам з ім штодня спяшаецца на ферму, як некалі ў маладосці. І ніколькі не шкадуе, што ў 16 гадоў, без афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу, паехала з каханым чалавекам за тысячы кіламетраў.
— Не страшна было? – пытаюся ў жанчыны.- Хлопцы ж розныя бываюць.
— Ды мы распісаліся толькі праз два гады, перад нараджэннем сына,- усміхаючыся адказвае Ніна Данілаўна. – Але ў нас было два вяселлі: першае, камсамольска-маладзёжнае, на БАМе, а другое – у Лясаўцы. Дык чаго ж мне было баяцца…
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: вось такая яна, сібірачка Ніна.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 30.07.2014 г.

Добавить комментарий


анавар

mobil delvac
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!