Дапамога, якую не адкладзеш

17 ліпеня 2014 г.
8:20 раніцы. Я, практыкант раённай газеты «», загадзя дамовіўшыся з галоўным урачом цэнтральнай райбальніцы, прыйшоў аддзяжурыць дзень у аддзяленні хуткай дапамогі, каб дасканала ведаць, у чым спецыфіка работы экстраннай медыцынскай службы, з якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца яе работнікам, наогул, расказаць аб буднях аддзялення хуткай дапамогі. Якія яны, вы даведаецеся, прачытаўшы спецыяльны рэпартаж.
…Першая, каго сустракаю ў аддзяленні і з кім знаёмлюся, — дыспетчар Ніна Харытонаўна Саўчук. Далей яна будзе добрым маім памочнікам.
8:30. Паступае званок. Ніна Харытонаўна бярэ трубку: «Хуткая дапамога», — кажа яна і прымае выклік. Тэлефанавала жанчына. Яна прасіла аказаць дапамогу сваёй пажылой маці, якая жыве па вуліцы Вішнёвай. Дыспетчар афармляе гэты выклік як неадкладны (на такія выклікі брыгада хуткай дапамогі павінна прыязджаць на працягу гадзіны).
— На дадзены момант няма ні адной свабоднай машыны, усе на выездзе. Чакайце, — кажа дыспетчар.
Чакаем прыезду машын, і Ніна Харытонаўна распавядае пра спецыфіку работы аддзялення: «Усе выклікі фіксуюцца на камп’ютары, пры гэтым тэлефонная размова запісваецца ў спецыяльны журнал, і афармляецца асобная картка на кожны выклік. Званкі паступаюць на нумар “101”. У нас працуе тры тэлефоны, на якія можна патэлефанаваць, і адзін, што звязвае хуткую дапамогу напрамую з райаддзелам міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Бываюць выпадкі, калі патрэбна прамая сувязь».
08:42. Паступае званок на тэлефон МНС, Ніна Харытонаўна тлумачыць, што гэта праверка сувязі, якая праводзіцца кожную раніцу. Прашу ў яе паглядзець журнал выклікаў. Большасць з апошніх паступае ад пажылых людзей.
08:51. Вярнулася другая брыгада хуткай дапамогі. Прывезлі хлопчыка з высокай тэмпературай з в. Ляхаўцы.
Ніна Харытонаўна знаёміць мяне з вадзіцелем і кажа, што менавіта ў гэтай брыгадзе я сёння буду працаваць. Вадзіцель Валерый Варанчук (на другім здымку) прыняў мяне па-сяброўску. Гэтак жа, як і фельчар Наталля Аляксееўна Харык (на першым здымку). Ніна Харытонаўна паведамляе брыгадзе адрас выкліку. «Даўно мы па гэтым адрасе не выязджалі», — кажа вадзіцель. Аказваецца, што за гады работы вадзіцелі і фельчары добра вывучылі сваіх пастаянных пацыентаў і іх адрасы.
Сядаем у машыну. Выязджаем. Па дарозе Наталля Аляксееўна расказвае і паказвае мне, як абсталяваны аўтамабіль: «На абсталяванне машын скардзіцца не даводзіцца. Яны аснашчаны ўсім, чым трэба. Адзіная праблема ў тым, што не хапае рук. У нас працуе толькі адзін фельчар, а павінна быць мінімум два. Калі трэба пераносіць хворага на насілках, даводзіцца прасіць вадзіцеля. Ён заўсёды дапамагае, але гэта не ўваходзіць у яго абавязкі, а пацыенты бываюць розныя, і несці часам даводзіцца з верхніх паверхаў». Едзем далей. Даведваюся, што Наталля Аляксееўна працуе ў аддзяленні хуткай дапамогі ўжо 26 гадоў. За гэты час шмат чаго перабачыла. Так за размовамі мы пад’ехалі да патрэбнага дома, адкуль быў зроблены выклік.
09:25. Наталля Аляксееўна і я праходзім у дом, у пакой хворай. Бабуля сустракае фельчара хуткай дапамогі як свайго выратавальніка. Пацыентка скардзіцца на сутаргі і цяжар у грудзях. Фельчар вымярае ціск, тэмпературу і праводзіць патрэбныя працэдуры. Уважліва назіраю за Наталляй Аляксееўнай. І першае, што заўважаю, – яе ветлівае стаўленне да пацыента.
Каб не перашкаджаць фельчару, іду пагутарыць з вадзіцелем. Між іншым, ён не ў меншым напружанні, чым фельчар, бо не ведае, цяжка­хворы пацыент ці не, трэба будзе яму выязджаць на новы выклік ці імчацца з сірэнай, каб завезці хворага ў бальніцу. Валерый Калістратавіч распавядае, што на “хуткай” працуе пяты год. Да гэтага 22 гады працаваў вадзіцелем у бальніцы: «Работа хоць і цяжкая, але цікавая. Колькасць выклікаў у дзень не адгадаеш. Бывае – цэлы дзень за баранкай, а бывае, палову дня прасядзіш без работы. У нас усяго дзве машыны, ездзім па ўсім раёне. Дарогі не ўсюды добрыя, даводзіцца біць машыну, асабліва, калі спяшаешся ».
09:35. Выязджаем назад. Па дарозе распытваю вадзіцеля аб сітуацыі на дарозе, ці заўсёды ўступаюць. «Часта вадзіцелі разумеюць і ўступаюць дарогу, — кажа Валерый Калістратавіч. — Але бывае, што і з сірэнай не заўсёды можна праехаць. Асабліва такое здараецца ў Брэсце, мы туды часам возім парадзіх у радзільны дом».
09:42. Прыбылі ў аддзяленне. Супрацоўнікі яго ладзяць мне маленькую экскурсію па самім памяшканні. Прыемна здзіўляюся. Тут ёсць пакой адпачынку, кухня, каб персанал мог падчас дзяжурства адпачыць і перакусіць. Ну і, вядома, у ім абуладкаваны медыцынскія кабінеты. Падчас экскурсіі назіраю, як фельчар Наталля Аляксееўна папаўняе свой чамаданчык. Маю магчымасць пазнаёміцца з фельчарам першай брыгады Таццянай Галавач і вадзіцелем Расціславам Трэбікам (на трэцім здымку).
10:11. У аддзяленне хуткай дапамогі прыязджае супрацоўнік “Аховы” для праверкі трывожнай кнопкі. Ніна Харытонаўна распавядае, што гэтая кнопка патрэбна для непрадбачаных сітуацый.
10:16. Паступае выклік з вуліцы Садовай у Маларыце. Жанчына толькі ўчора выпісалася з бальніцы, а сёння зноў ёй стала дрэнна, патрэбна шпіталізацыя. Выклік афармляецца як неадкладны.
10:25. Машына прыбывае па адрасе. Забіраем жанчыну пенсійнага ўзросту. Па дарозе яна скардзіцца на сваё дрэннае здароўе. Фельчар яе супакойвае.
10:35. Машына прыбывае да бальніцы. Высаджваем хворую і чакаем, пакуль фельчар дапаможа ёй падняцца на патрэбны паверх. У гэты час гутарым з вадзіцелем.
Вярнулася Наталля Аляксееўна. Па дарозе да аддзялення сустракаем урача аддзялення хуткай дапамогі Наталлю Леанідаўну Сухарэвіч. Яна тады была на выхадным, але вырашыла зайсці на работу. Цікаўлюся ў яе зноў жа праблемамі, з якімі даводзіцца сустракацца на рабоце. «У нас недахоп персаналу, – кажа Наталля Леанідаўна. – Калі ў вялікіх гарадах працуюць укамплектаваныя брыгады, то ў нас на адну машыну адзін фельчар. Так, у машынах у нас ёсць усё абсталяванне і нават больш, чым трэба, але ў фельчара толькі дзве рукі, і бывае, што проста фізічна немагчыма выканаць усе патрэбныя працэдуры «. Аб недахопе спецыялістаў чую не ад першага чалавека. І магу зрабіць выснову, што галоўнай прычынай гэтага з’яўляецца нізкая заработная плата. На жаль, медыкі атрымліваюць не столькі, колькі хацелася б, нягледзячы на пастаянныя павелічэнні.
11:10. Паступае неадкладны выклік з вёскі Чарняны. Брыгада свабодная, а значыць выязджаем. Па дарозе ад спёкі мяне цягне на сон. Але вось вадзіцель зніжае хуткасць машыны. Ідзе рамонт дарогі. Уключае мігалкі і выязджае на сустрэчную паласу. Машыны, якія ідуць насустрач, уступаюць дарогу.
11:35. Брыгада прыязджае на выклік. Хворы — пажылы мужчына. Скаргі на боль у галаве і нагах. Наталля Аляксееўна аказвае дапамогу. Зноў адзначаю яе ветлівасць і чулае стаўленне да хворага.
11:55. Аказаўшы патрэбную дапамогу, “хуткая” едзе назад.
12:10. Па дарозе атрымліваем новы выклік з вёскі Струга. Адразу ж адпраўляемся туды. “Хуткую” выклікала жанчына. Прасіла дапамагчы мужу, у якога дрэннае самаадчуванне, болі ў грудзях.
12:33. Прыбылі на месца. Фельчар робіць агляд, вымярае ціск, робіць кардыяграму сэрца. Наталля Аляксееўна прымае рашэнне аб шпіталізацыі хворага. Апошні згаджаецца. Сам ён рухацца практычна не можа. Таму да машыны вядзе яго сын. У бальніцу разам з ім едзе жонка. Вяртаемся назад. Па дарозе размінаемся з першай брыгадай.
13:35. Прыбываем да бальніцы. Фельчар адводзіць хворага. У гэты час Валерый Калістратавіч распавядае мне пра машыны, на якіх цяпер працуюць брыгады: «Машыны добрыя. Ім літаральна некалькі гадоў. Вось толькі моцна б’юцца па вясковых дарогах, але што рабіць. Дапамога патрэбна ўсім». Цікаўлюся, ці хапае паліва. Валерый Калістратавіч тлумачыць, што паліва хапае заўсёды, бо на экстранныя службы яно выдзяляецца ў першую чаргу.
13:52. Прыязджаем у аддзяленне. Там амбулаторны пацыент. Малады чалавек. Губляе прытомнасць з-за ціску. Наталля Аляксееўна аказвае яму медыцынскую дапамогу. Пацыент прыйшоў у прытомнасць. Выклікаў няма, таму ўсе разам адпачываем і абедаем.
14:48. Падчас абеду паступае выклік з міліцыі. Першая брыгада павезла жанчыну ў Кобрын у радзільны дом, таму выязджае другая. Трэба агледзець затрыманага.
14:59. Вяртаемся назад у аддзяленне. Больш за гадзіну не паступае ні аднаго выкліку.
16:03. Званок з вёскі Ужова. Тэлефануе мужчына, паведамляе, што ў цялятніку знаходзіцца жанчына без прыкмет жыцця. Машына выязджае імгненна.
16:20. Прыбылі на месца. Фельчар робіць агляд і фіксуе смерць. Выклікаем міліцыю. Чакаем яе прыезду. Афармляем паперы і едзем назад. Па дарозе заязджаем на аўтазаправачную станцыю, запраўляем машыну.
17:34. Вярнуліся ў аддзяленне. Доўгі час няма выклікаў. Павячэралі. Адпачываем.
19:04. Выклік з вёскі Замшаны. Пажылой жанчыне стала дрэнна, страціла прытомнасць. Выязджаем. Наталля Аляксееўна аказвае жанчыне дапамогу, настойвае на шпіталізацыі яе. Але сваякі адмаўляюцца. Фельчар робіць патрэбныя працэдуры. Нармалізуе стан жанчыны.
20:10. Вяртаемся ў аддзяленне. Перадаем змену. Рабочы дзень закончаны.
* * *
Дзяжурства ў той дзень выдалася не самым цяжкім. На шчасце, не паступіла ні аднаго безвыніковага выкліку, хаця за паўгоддзе іх было 18. Часта па такіх выкліках “хуткая” едзе да нецвярозых людзей, якім стала дрэнна дзе-небудзь на вуліцы горада. Але нярэдка бывае, што да прыезду машыны гэтыя асобы могуць апамятацца і знікнуць. А ўявім, што ў гэты час, які медыкі трацілі дарэмна, некаму сапраўды патрэбна была тэрміновая дапамога.
— Мы не можам праігнараваць ні адзін з выклікаў, — гаворыць галоўны ўрач цэнтральнай райбальніцы Пётр Селівонік. — А выклікі бываюць розныя, часам даходзіць да абсурду, машыну выклікаюць ад няма чаго рабіць, а высвятляецца гэта толькі, калі медыкі прыедуць».
Для таго, каб азнаёміцца са статыстыкай, звярнуўся да старшага фельчара Антаніны Спірыдонаўны Луцюк. Яна распавяла, што за паўгоддзе на “хуткую” паступіла 3596 выклікаў: з іх 18 – безвыніковыя, 216 – экстранныя, 1537 – тэрміновыя, 1843 – неадкладныя. На экстранны выклік брыгада павінна выехаць на працягу 4 хвілін, на тэрміновы – на працягу 15 хвілін і на неадкладны — на працягу гадзіны. Пасля адпрацаванай змены на “хуткай” магу з упэўненасцю сказаць, што калі ёсць магчымасць, да ўсіх выязджаюць адразу. Бо ні дыспетчар, ні фельчар не могуць быць упэўненыя ў дыягназе, а таму выязджаюць хутка, каб не спазніцца.
Мы памыляемся, калі гаворым, што медыкі зачарсцвелі на сваёй рабоце, не ўспрымаюць чужы боль, як свой. Яны проста прафесійна вытрыманыя, перажываюць за кожнага з пацыентаў, асабліва за тых, каго шпіталізавалі. Падчас дзяжурства пераканаўся ў гэтым: Наталля Аляксееўна не раз телефанавала ў бальніцу, каб даведацца, як сябе адчуваюць яе пацыенты.
А мы ж, пацыенты, таксама бываем розныя. Сярод нас ёсць і грубыя, і нявыхаваныя, і няўдзячныя. І з гэтым трэба мірыцца медыкам. Бо яны давалі клятву Гіпакрата, і нягледзячы ні на якія абставіны, павінны турбавацца толькі аб адным – здароўі кожнага з нас.
Павел КАНАНОВІЧ.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 30.07.2014 г.

Добавить комментарий


https://progressive.ua

Сиалис профессионал
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!