У ДОБРЫ ШЛЯХ!

У  чацвер ура­чыста быў здадзены ў эксплуатацыю аў­тадарожны абход у г. Маларыта.
Гэты аб’ект, як падкрэсліў старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, вельмі значны і важны для нашага горада. Будаўніцтва яго было запланавана яшчэ ў 90-ыя гады, калі пачыналі асвойваць радовішча “Хаціслаўскае”. Але, на жаль, і гэты праект быў прыпынены, хаця ў яго былі ўкладзены немалыя сродкі.
— Пакуль не былі пабудаваны новыя плошчы і не працавала на поўную магутнасць прадпрыемства “КварцМелПрам”, — гаварыў Казімір Віктаравіч, — вялікай патрэбы ў аўтадарожным абходзе не было. А вось калі вялікагрузы пайшлі з завода, узніклі праблемы. Бо ўвесь гружаны транспарт ішоў праз горад, каб выехаць на аб’язную дарогу. І, зразумела, гарадж­ане пачалі прад’яўляць абгрунтаваныя прэтэнзіі, скардзіцца. Маўляў, гарадскія дарогі не для таго, каб іх разбівалі вялікагрузы. Ды і каму прыемна, калі цяжканагружаны транспарт “шуруе” пад тваім акном.
Кіраўніцтва раёна, добра разумеючы людзей, і ўзяло на сябе ініцыятыву аўтадарожны абход, ці мост, дабудаваць. Балазе, губернатар вобласці Канстанцін Сумар такую добрую ініцыятыву падтрымаў, прызнаў мэтазгодным будаўніцтва маста і аказаў садзейнічанне ў тым, каб давесці гэты аб’ект да толку. Генеральным падрадчыкам на будаўніцтве аб’екта выступіў дарожна-рамонтны будаўнічы ўчастак № 179 г. Маларыты. Тры месяцы спатрэбілася дарожнікам, каб давесці пачаты некалі аб’ект да параметраў, што дазваляюць яго эксплуатаваць.
Як адзначыў дырэктар мостаатрада Дзмітрый Пякун, дарожны абход адпавядае ўсім нормам, даволі якасны, а генеральны дырэктар КУП “Аблдарбуд” Сяргей Дзямко дадаў, што “адзенне”, у якое мост “апрануты”, дазваляе вытрымліваць нагрузкі, якія будуць на ім.
Старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, Сяргей Дзямко, генеральны дырэктар КУП “Аблдарбуд”, Дзмітрый Пякун, дырэктар мостаатрада, і начальнік ДРБУ-179 Аляксандр Бурштын выказалі пажаданне, каб гэты ўчастак дарогі заўсёды быў безаварыйным.
…Казімір Лапіч і Сяргей Дзямко перарэзваюць чырвоную стужку. Аб’ект здадзены. Ганаровае права першым выпрабаваць яго на трываласць мае адзін з лепшых вадзіцеляў ДРБУ-179 Дзмітрый Дзямчук на сваім вялікагрузным МАЗе.
Што ж, у добры шлях!
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: у час урачыстай здачы ў эксплуатацыю аўтадарожнага абходу ў г. Маларыта.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


электронный микроскоп цена

www.ry-diplomer.com/kupit-diplom-stomatologa
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!