Прадаўжальнікі роду

 

Справядліва лічыцца: калі жанчыне пашанцавала са спадарожнікам жыцця, ёй пашанцавала двойчы. Надзейны ён быў і ў Вольгі Васільеўны Кіцель. Працавіты, старанны, клапатлівы гаспадар і бацька. За ім сям’я была, як за каменнай сцяной. Вось чаму і раптоўную смерць Івана Антонавіча (яму было 56 гадоў) яшчэ і сёння, хаця прайшло 18 гадоў, у яго сям’і, успрымаюць як цяжкую душэўную рану, якая, магчыма, не загоіцца ніколі.
— 14 мая сёлета і мы са сваім Іванам адзначылі б залатое вяселле, — не хаваючы слёз, гаварыла Вольга Васільеўна. – Але бачыце, як яму было наканавана: пасвіў кароў і там жа, на полі, памёр. Заўзяты ён быў да работы, і да грама­дскай, і да сваёй. Яго заўсёды ў прыклад ставілі як лепшага жывёлавода.
На мужа раўнялася і сама Вольга Васільеўна. Яна таксама была перадавой даяркай.
38 гадоў аддала жанчына гэтай прафесіі. Як прыйшла на ферму ў 19 гадоў, так да пенсіі і працавала.
— Мы тады, — успамінала Вольга Васільеўна, — усё ўручную рабілі. 15 кароў у маёй групе ўтрымлівалася, затым 20. Трэба было іх рукамі падаіць, уручную гной выкінуць ад іх, кармы разгрузіць і па кармушках раскласці, і падсцяліць кароў. А ахалоджваць малако трэба было ў спецыяльным калодзежы. Насмыкаліся мы ў іх бідонаў з малаком. І сёння рук і ног не чуеш. Калі падраслі дзеці, яны прыбягалі дапамагаць, ферма ж  недалёка ад вёскі знаходзіцца. Памятаю, калі ў калгас купілі даільныя апараты, — расказвала далей Вольга Васільеўна,  — многія з даярак доўгі час не маглі перастроіць сябе. Я таксама па-ранейшаму рукамі кароў даіла. Мне здавалася, што апаратам іх так чыста не выдаіш, як рукамі. А дзеці прыбягуць, хуценька падояць і кажуць: “Мама, ну глядзі, як лепш і каму лепш, табе ці нам. Мы паўгадзіны апаратам кароў даілі, а ты рукамі амаль 2 гадзіны. Ды і лягчэй жа так, пашкадуй сябе”.
 Так яны мяне і пераканалі.
Калі памёр муж, уладкаванымі было толькі трое дзяцей. А адну дачку Вольга Васільеўна аддавала замуж ужо сама. Вяселле спраўляла і ёй, бо, як казала, дзеці ж  для маці ўсе роўныя, усе аднолькавыя, і не хочацца нікога пакрыўдзіць.
Цяпер немалая сям’я Вольгі Ва­сільеўны стала яшчэ большай, бо дабавілася ў ёй 10 унукаў, сярод якіх ёсць і хлопчыкі, а гэта значыць – прадаўжальнікі роду Кіцеляў.
в. Вялікі Паўлопаль.

Добавить комментарий


https://www.kapli.kiev.ua/

https://ka4alka.com.ua

https://best-cooler.reviews
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!