Год цікавай работы

Год назад быў створаны Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. Як адно з яго структурных падраздзяленняў сфарміраваны Кобрынскі міжраённы аддзел, у яго састаў уведзены эксперты-крыміналісты і судова-медыцынскія эксперты трох раёнаў – Драгічынскага, Маларыцкага і Жабінкаўскага. Начальнік Кобрынскага міжраённага аддзела Дзяніс Сакадын адказвае на пытанні карэспандэнта райгазеты.
— Дзяніс Васільевіч, прайшоў год. Ці можна ўжо гаварыць пра якія-небудзь вынікі работы новай структуры? Што на сённяшні дзень можна запісаць у актыў, з якімі складанасцямі давялося сутыкнуцца на шляху станаўлення арганізацыі?
— Безумоўна, 1 год – гэта невялікі перыяд для вырашэння задач, якія стаяць перад камітэтам. Аднак сёння можна ўжо гаварыць пра тое, чаго ўдалося дабіцца. Камітэт судовых экспертыз сфарміраваўся як самастойны дзяржаўны орган, аб’яднаўшы пад сваім крылом экспертаў усіх спецыялізацый. Усе яны пераехалі са здымных кватэр пад дах свайго новага дома. Як і ўсім навасёлам, нам яшчэ трэба папрацаваць, каб добра абуладкавацца. Сфарміравана нарматыўна-прававая база камітэта. Арганізацыйнымі мерамі ўпершыню за шмат гадоў удалося дабіцца таго, што ў месячны тэрмін праводзіцца 98% экспертыз.
— Што змянілася з аб’яд­наннем служб найперш за ўсё для саміх экспертаў? Ці палепшыліся ўмовы іх работы, якая нагрузка?
— Нагрузка больш залежыць ад складанасці аператыўнай абстаноўкі на абслугоўваемай тэрыторыі, іншых фактараў. Яна меншай не стала. За 6 месяцаў г.г. эксперты аддзела правялі 1208 экспертыз і даследаванняў, 777 разоў выязджалі ў якасці спецыялістаў на месцы здарэнняў. Як правіла, сярэдняя нагрузка на 1 эксперта ў месяц – каля 15 экспертыз і даследаванняў. Для работы ім створаны даволі камфортныя ўмовы. Сёлета зменяць прапіску і пераедуць у больш прасторныя памяшканні эксперты ў Маларыце і Драгічыне.
— Дзяніс Васільевіч, работа ў экспертаў цікавая, заўжды запатрабаваная. Як можна стаць супрацоўнікам камітэта?
— Судова-экспертную дзейнасць у нашай структуры ажыццяўляюць супрацоўнікі, якія маюць спецыяльныя званні, а таксама асобы грамадзянскія. Патрабаванні да кандыдатаў у нашы рады – грамадзянства РБ, узрост да 25 гадоў, вышэйшая адукацыя, выдатнае здароўе, адсутнасць асуджанасці. Рыхтуе экспертаў-крыміналістаў Акадэмія МУС РБ. Для паступлення ў нас трэба ўзяць даведку-рэкамендацыю.
— А як трапіць да вас на прыём?
— Я прымаю кожны трэці чацвер з 9.00 да 12.00 у кабінеце 301 па адрасу: г. Кобрын, вул. Савецкая, 135/б (будынак міліцыі). Гэта вызначаны дзень афіцыйнага прыёму, аднак, па папярэдняму запісу па тэл. 8-0162 7-77-56 можна прыйсці ў любы рабочы дзень з 9.00 да 18.00.
— Акадэмія рыхтуе экспертаў-крыміналістаў, а як стаць судмедэкспертам?
— На пасаду судмедэксперта прымаюцца тыя, у каго ёсць вышэйшая медыцынская адукацыя. Перад назначэннем на пасаду іх накіроўваюць на перападрыхтоўку ва УА “Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз РБ”. Сярод спецыяльнасцей па асноўнай адукацыі, што даюць права прэтэндаваць на дадатковую, — лячэбная справа, педыятрыя, медыка-прафілактычная справа, стаматалогія.
— Якія асноўныя экспертызы праводзяць супрацоўнікі аддзела?
— Дактыласкапічныя, аб’ектамі якіх з’яўляюцца сляды рук, трасалагічныя – даследаванне слядоў абутку, транспартных сродкаў; экспертызы халоднай зброі; сапраўднасці грашовых купюр, асабістых дакументаў, подпісаў, пячатак і г.д. Судмедэксперты праводзяць экспертызы па ўстанаўленню прычын і іншых абставін смерці; цяжкасці атрыманых цялесных пакалечанняў. Правесці экспертызу можна і на платнай аснове з выдачай даведкі.
— Цяпер у серыялах крымі­нальнай тэматыкі можна ўбачыць, як літаральна па кропельцы крыві ці па ледзь прыкметнаму валаску раскрываюцца заблытаныя злачынствы. Ці могуць гэтым пахваліцца эксперты вашага аддзела, якія яшчэ сучасныя ці надзвычайныя даследаванні вы праводзіце?
— Работа экспертаў на месцах здарэнняў арганізавана такім чынам, што кожны эксперт-крыміналіст, апрацоўваючы месца здарэння, мае дастатковыя навыкі для зняцця рознага роду слядоў і рэчавых доказаў. Іншая справа, што затым работа з імі даручаецца эксперту адпаведнага профілю.
На сённяшні дзень узровень экспертнай падрыхтоўкі нашых спецыялістаў дазваляе нам выкарыстоўваць у сваім арсенале ўсе сучасныя метады крыміналістыкі. Іншая справа, што выкрываць злачынствы па крыві і валаску сёння каштуе не танна. Гэта самыя сучасныя віды даследаванняў і адпаведна самыя дарагія. Мэтазгоднасць іх прымянення вырашае следчы. Безумоўна, генатыпаскапічныя ўлікі — вельмі перспектыўны напрамак крыміналістыкі, але на сённяшні дзень ні адзін від улікаў не можа спаборнічаць па эфектыўнасці з распрацоўкай беларускіх вучоных АДІС “Дакто-2000”. Уся справа ў тым, што эфектыўнасць работы любой базы дадзеных залежыць ад паўнаты ўнесенай у яе інфармацыі. Найбольш поўнай і запатрабаванай базай дадзеных на сённяшні дзень з’яўляецца аўтаматычная дактыласкапічная ідэнтыфікацыйная сістэма “Дакто-2000”. Гэта сучасны шматузроўневы праграмна-апаратны комплекс, што прымяняецца пры вядзенні дактыласкапічных аўтаматызаваных улікаў у мэтах правядзення аператыўнай праверкі пальцаў рук, калі такое бывае на месцах здарэнняў, па масівах дактылакартак раней асуджаных ці пэўнага кола падазраваемых.
Выкарыстанне сістэмы паказала, што на кожныя 1000 дактылакартак і 100 слядоў яна дае каля 20 выкрытых злачынстваў.
Ніна СВІЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 6.08.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.