Маларытчына – тэрыторыя разумення

На Маларытчыне прайшло выязное пасяджэнне камітэта ветэранаў працы і камісіі па ахове здароўя і сацыяльна-бытавых пытаннях абласнога савета
Калі чалавек па сваёй прыродзе актыўны, жыццё яго не дзеліцца на адрэзкі да і пасля выхаду на пенсію. Заслужаны адпачынак становіцца новым перыядам жыцця, не менш актыўным, напоўненым падзеямі, эмоцыямі і новымі сустрэчамі. І зрабіць жыццё пенсіянераў нясумным, насычаным уражаннямі дапамагае раённы савет ветэранаў. З дзейнасцю гэтай грамадскай арганізацыі нядаўна знаёміліся прад­стаўнікі абласнога савета ветэранаў.
Госці пераконваліся ў тым, як Маларыцкі раённы савет ветэранаў ўзаемадзейнічае з установамі сістэмы сацыяльнай абароны, мясцовымі органамі ўлады і грамадскімі арганізацыямі.
Для работы арганізацыі ветэранаў, як адзначыў у гутарцы з гасцямі старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка, вельмі важна, каб была падтрымка райвыканкама, яго аддзелаў, а таксама ўстаноў сацыяльнай абароны, прафсаюзных і маладзёжных арганізацый.
— Кожны раз, калі звяртаюся да работнікаў гэтых структур, — падкрэсліў Уладзімір Андрэевіч, — адчуваю паразуменне, мне як старшыні райсавета аказваюць садзейнічанне па рэалізацыі раённых мерапрыемстваў Комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады.
У раёне пражывае больш за 6980 пенсіянераў, а гэта 28 працэнтаў ад усяго насельніцтва. Мужчыны складаюць 2360 чалавек, жанчыны – 4621. Больш за 1400 пенсіянераў працягваюць працаваць. Усе гэтыя людзі, асабліва тыя, хто застаўся ў баку ад сваіх прывычных спраў, не павінны адчуваць сябе адзінокімі, абдзеленымі ўвагай. Раённы савет ветэранаў, гаварылася ў выступленні, прымае актыўны ўдзел ва ўсіх культурна-масавых мерапрыемствах. Увайшло ў практыку правядзенне свят вёсак, на якіх у абавязковым парадку праводзіцца ўшанаванне ветэранаў працы, доўгажыхароў, сямейных юбіляраў. Пастаянным удзельнікам такіх свят з’яўляецца хор ветэранаў. Актыўна ўдзельнічаў савет ветэранаў летась у рэалізацыі праекта тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва “Ты не адзінокі”. Актыўны ўдзел прымаюць ветэраны ў патрыятычных акцыях, шмат робяць для захавання памяці аб гераізме і мужнасці народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Аб тым, якую работу праводзяць з людзьмі пажылога ўзросту розныя структурныя падраздзяленні, арганізацыі і аб’яднанні, распавялі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Федчык, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мікалай Мішчанка, намеснік начальніка аддзела ідэала­гічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня райкама прафсаюза работнікаў дзяржустаноў Сяргей Строк, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Аляксей Дзямінскі. Усё сказанае раней яскрава пацвердзілі фотапрэзентацыі, якія, акрамя таго, пазнаёмілі гасцей з маларыцкім краем. А больш падрабязна з Маларытчынай госці маглі пазнаёміцца ў час запланаваных экскурсій. Наведаўшы дзённае аддзяленне тэрытарыяльнага цэнтра, удзельнікі выязнога пасяджэння пазнаёміліся з умовамі, якія створаны ў цэнтры для развіцця талентаў і ўмацавання сіл у маладых людзей з цяжкімі праблемамі ў здароўі. А ў спартыўным цэнтры “Жамчужына” госці пераканаліся, што тут ёсць цудоўныя магчымасці, якія дазваляюць падтрымліваць сябе ў “баявой” форме людзям пажылога ўзросту. Пабываўшы ў вёсцы Збураж, ветэраны з Брэста пазнаёміліся з экспазіцыямі этнаграфічнага музея, пачулі расказ пра гісторыю вёскі. Шмат уражанняў пакінула ў гасцей наведванне ў Маларыце цэнтра народнай творчасці, дзе, акунуўшыся ў атмасферу мінулага, удзельнікі паездкі змаглі пабачыць касцюм маларыцкага строю. А індывідуаль­ны прадпрымальнік Васіль Захарчук запрасіў усіх адпачыць ва ўтульнай зале кафэ “Фаварыт” і адведаць стравы маларыцкай кухні.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: прад­стаўнікі абласнога савета ветэранаў у гасцях на Маларытчыне.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 13.08.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий